Антыкрамлёўскія пратэсты ў Расеі


Адразу два мітынгі пратэсту адбыліся ў Маскве. Іх ладзілі ліберальная дэмакратычная апазіцыя ды расейскія нацыяналісты.

Першыя патрабавалі правядзення вольных выбараў і спыніць татальнае кантраляванне Крамлём медыяў, судоў ды лакальнага самакіравання. “Мы не хочам, каб Расея паўтарыла лёс Лівіі, а Пуцін – лёс Кадафі. Хай дажывае сабе на пенсіі спакойна”, – заявіў падчас мітынгу Барыс Нямцоў, сустаршыня незарэгістраванай Парты народнай свабоды. Паводле расейскай дэмакратычнай апазіцыі, “ракіроўка” Пуціна і Мядзведзева – гэта здзек з грамадзянаў Расеі. Скончыўся мітынг затрыманнем некаторых актывістаў.

Тым часам нацыяналісты патрабавалі перагляду крамлёўскай палітыкі ў дачыненні Каўказу. Лозунгі “Хопіць карміць Каўказ” ды “Хопіць плаціць даніну” набіраюць усё большую папулярнасць сярод жыхароў Расеі. “Мы ведаем і мы верым у тое, што на Каўказе ёсць нармальныя людзі, а не тыя ўроды, што захапілі цяпер там уладу. Мы ведаем, што ёсць дзяўчаты, для якіх жыццёвая мара – не быць захутанаю ў паранджу і нарадзіць 25 дзяцей, а жыць нармальна і па-чалавечы. Мы ведаем, што там ёсць маладыя людзі, якія хочуць вучыцца і працаваць, для якіх жыццёвым ідэалам не ёсць “Porsche Cayenne”, залаты пісталет і агідная прымаўка “Хто не з намі, той пад намі”, – заявіў Аляксей Навальны, адзін з крытыкаў Крамля.

belsat.eu

Стужка навінаў