Аўтавакзал “Цэнтральны” застанецца расейскамоўны


Кіраўніцтва “Менсктрансу” не збіраецца рабіць шыльдаў па-беларуску.

Напачатку верасня ў Менску адкрыўся адрэстаўраваны міжнародны аўтавакзал “Цэнтральны”. Першае, што кідаецца ў вочы, – усе шыльды ў будынку і на платформах зробленыя выключна на расейскай мове. Для другой дзяржаўнай мовы, беларускай, як і для замежных моваў – бо менавіта адсюль ажыццяўляюцца міжнародныя рэйсы, – месца не знайшлося.

Намеснік гендырэктара “Менсктрансу” Віктар Тозік упэўнены, што аўтавакзал аформлены паводле ўсіх правілаў. “Згодна з Дзяржстандартам аб збудаванні станцыяў, можа выкарыстоўвацца або расейская, або беларуская мова. Тое самае замацаванае і ў Законе аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. То бок мы маем права выкарыстоўваць або адну, або другую дзяржаўную мову. Пра англійскую ці іншыя замежныя ні слова ў законе няма”, – адказаў чыноўнік.

Паводле юрысткі Святланы Шломы, у заканадаўстве сапраўды замацаваная альтэрнатыўная норма выкарыстання дзяржаўных моваў . “Пакуль у законе застаецца фармулёўка “беларуская і(ці) расейская мовы”, сітуацыя застанецца ранейшая, і чыноўнікі не будуць анічога змяняць. У гэтым выпадку можна разглядаць пытанне ў рэчышчы дыскрымінацыі беларускамоўных людзей, бо яны пазбаўляюцца права атрымліваць інфармацыю на зразумелай для іх мове, што з’яўляецца парушэннем Канстытуцыі. Але суд наўрад ці прыме бок такога пазоўніка”, – кажа эксперт.

Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны неаднаразова звярталася да чыноўнікаў з патрабаваннем унесці папраўкі ў Закон аб мовах. “Мы патрабуем, каб гэтае “ці” выкінулі з закону і каб роўнасць была нармальная, – гаворыць старшыня арганізацыі Алег Трусаў. – Каб мы маглі прыйсці ў любую ўстанову – і там былі беларускамоўныя бланкі, напрыклад. Каб мы іх маглі запаўняць на роднай мове. Каб законы выходзілі на дзвюх мовах, каб шыльды былі як па-расейску, гэтак і па-беларуску”. Аднак далей за абяцанні чыноўнікаў змяніць сітуацыю справа не ідзе.

belsat.eu

Стужка навінаў