Беларусы пра крызіс: Інтуітыўна адчуваю, што будзе лепш


З якімі думкамі чакаюць зімы менчукі? Апытанне “Белсату”.

Пенсіянер: “Я лічу, што лепш не будзе. Шмат казалі па тэлебачанні, што ўсё добра, а насамрэч гэта не так. Кошты растуць – гэта ўжо немагчыма зразумець, куды яны далей могуць расці. Я чуў, што кошты за праезд павялічацца ў два разы. Пенсіі невялікія, у параўнанні з сённяшнімі коштамі – гэта нішто. Гэты аптымізм ужо надакучвае. Я вам кажу шчыра: нам, асабліва пенсіянерам, нічога добрага чакаць не трэба. Я асабіста да гэтага падрыхтаваўся. Я ўмею жыць адпаведна сродкам. Толькі чамусьці дзяржава гэтак не жыве”.

Дзяўчына: “З цяперашнім курсам долара цяжка што-небудзь прадбачыць. Я мяркую, што трэба будзе мацней зацягнуць паясы”.

Мужчына: “А што там рыхтавацца? Жылі – і жыць будзем. Адназначна сітуацыя пагоршала, моцна пагоршала, аднак трэба жыць.Спадзяемся, што за пагаршэннем прыйдуць паляпшэнні. Я асабіста выжыву ў любым выпадку”.

Жанчына: “Нармальна ўсё, сітуацыя пад кантролем, няма прычыны хвалявацца. Так, падае курс – але гэта не найгоршы варыянт”.

Юнак: “Мне здаецца, што будзе складаней, бо ва ўсім свеце складана. Спадзяюся, гэта апошняя зіма такая, а далей усё будзе добра”.

Жанчына: “А што тут меркаваць? Людзі самі ўсё ведаюць – што кошты падняліся, а заробкі засталіся такія самыя. Зімою – дай Бог выжыць”.

Пенсіянерка: “У мяне ёсць інтуіцыя, што будзе лепш. Я мяркую, што прэзідэнт прыйдзе да якой-небудзь высновы, і будзе паляпшэнне”.

belsat.eu

Стужка навінаў