Дапамога з-за мяжы цяпер ўважаецца за крымінал


Згодна з папраўкамі, якія сёння ўхваліў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, замежнае фінансаванне недзяржаўных арганізацыяў падпадае пад крымінальную адказнасць.

Законапраект “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь” парламентарам прэзентаваў намеснік міністра юстыцыі Ігар Тушынскі. Дакумент забараняе рэспубліканскім і мясцовым грамадскім аб’яднанням захоўваць грашовыя сродкі ды іншыя каштоўнасці ў замежных банках. Замежнае фінансаванне прадстаўнікоў трэцяга сектару з парушэннямі заканадаўства Беларусі становіцца крымінальным злачынствам.

Прадстаўнік грамадскага праваабарончага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт” Гары Паганяйла гаворыць, што выкарыстоўваць замежныя рахункі прадстаўнікоў трэцяга сектару змушае дзяржава. “Любыя ахвяраванні з-за мяжы ў нас абкладзеныя такою колькасцю бюракратычных зачэпак і ўзгадненняў дзеля дазволу, што атрымаць яго трэцяму сектару практычна немагчыма. Яны не думаюць, што гэтымі рашэннямі яны пазбаўляюць магчымасці і беларускую скарбніцу мець пэўны прыбытак”, – зазначае праваабаронца.

Ён таксама нагадвае, што ва ўсім свеце грамадскія арганізацыі ды аб’яднанні існуюць за кошт мецэнатаў. Але ў Беларусі за такую дапамогу мясцовым бізнесоўцам пагражае пераслед з боку кантрольных органаў. Цяпер жа і атрыманне замежнай дапамогі становіцца крыміналам, абураецца Гары Паганяйла.

На ягонае меркаванне, новы закон скіраваны на тое, каб знішчыць трэці сектар, асабліва тыя арганізацыі, чыя дзейнасць не падабаецца ўладам. Ён нагадвае, што ва ўсіх цывілізаваных краінах менавіта грамадзянская супольнасць кантралюе дзейнасць уладаў: “Нашыя ўлады хочуць самі ўсё вырашаць за нас. Таму грамадзянская супольнасць заганяецца ў гета, а палітычныя партыі вымушаныя існаваць амаль у падполлі”.

belsat.eu

Стужка навінаў