Сяргей Драздоўскі: Каля 80 % людзей з інваліднасцю – беспрацоўныя


Нягледзячы на тое, што падлікі ў сферы занятасці інвалідаў весці дастаткова цяжка, можна сказаць, што каля 80 % людзей з інваліднасцю ў Беларусі беспрацоўныя. Пра гэта гаворыць праваабаронца Офісу правоў чалавека з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

«Калі браць сур’ёзныя формы інваліднасці – а гэта людзі з сур’ёзным абмежаваннем мабільнасці, з парушэннем зроку, слыху, І–ІІ групы – то там беспрацоўе дасягае больш як 90–95 %», – зазначыў Драздоўскі.

Паводле праваабаронцы, пры такіх паказніках немагчыма казаць пра тое, што праблема заключаецца ў саміх інвалідах, якія проста не хочуць працаваць.

«Інваліды знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, якую самі пераадолець не могуць, таму ўзнікае пытанне, наколькі эфектыўныя ў такім выпадку выпрацаваныя ў нашым грамадстве механізмы сацыяльнай абароны. Сёння затрачваюцца вялікія сродкі і прыкладаюцца вялікія намаганні, каб дапамагчы інвалідам. Тым не менш узровень беспрацоўя не змяняецца», – падкрэсліў Сяргей Драздоўскі.

На ягоную думку, працаўладкаванне інвалідаў – адна з самых сур’ёзных праблемаў не толькі ў Беларусі, але і ўва ўсім свеце.

belsat.eu

Стужка навінаў