540 000 жаўнераў і ўсе-усе-усе: што Трамп абяцае амерыканскім вайскоўцам


Дональд Трамп выступіў на гэтым тыдні з вялікай прамовай на тэму развіцця амерыканскіх узброеных сіл. Мерапрыемства адбылося ў штаце Паўночная Караліна, недалёка ад буйной вайсковай базы Форт Брэг.

Крытыкуючы адміністрацыю Барака Абамы, Трамп заявіў, што не будзе дапамагаць рэвалюцыям у замежных краінах, аднак збіраецца змагацца з ісламскім тэрарызмам і захоўваць адносіны з хаўруснікамі, сведчыць запіс мерапрыемства.

«Мы хочам узмацніць старое сяброўства і шукаць новых сяброў», – сказаў будучы прэзідэнт.

Апошняе сведчыць пра змякчэнне ягонай пазіцыі адносна хаўруснікаў па NATO – раней будучы прэзідэнт казаў, што не адчувае асаблівага абавязку абараняць тыя краіны, якія самі не выконваюць натаўскія стандарты па фінансаванні сваіх арміяў. У свой час гэтыя заявы былі непрыемным сюрпрызам для Латвіі, Літвы і некаторых іншых краін альянсу.

Пры гэтым Трамп афіцыйна паабяцаў заўважна павялічыць колькасць амерыканскіх узброеных сіл і адмяніць абмежаванні на фінансаванне арміі, якія наклаў прэзідэнт Барак Оўбама.

«Мы не хочам мець скарочаныя ўзброеныя сілы… Мы разбудуем нашы ўзброеныя сілы не для агрэсіі, а для папярэджання агрэсіі. Мы шукаем міру шляхам сілы», – заявіў Трамп.

Якімі ж могуць стаць амерыканскія ўзброеныя сілы пры прэзідэнце Трампе? І з якой мэтай?

Па-першае, Сухапутныя войскі ЗША будуць павялічаныя да 540.000 жаўнераў у баявых падраздзяленнях з сучасных 475.000.



Амерыканскія пехацінцы падчас сумесных вучэнняў у Еўропе.

«Я хачу зрабіць нашу армію такой вялікай, такой моцнай і магутнай, што абсалютна ніхто не захоча з намі звязвацца», – казаў Трамп у перыяд перадвыбарчай кампаніі.

Яшчэ ўвесну начальнік Штаба Сухапутных войск ЗША генерал Марк Мілі казаў пра неабходнасць павелічэння ўзброеных сіл як раз на выпадак «канфлікту з вялікай дзяржавай». Пазней у прамове генерал заявіў, што ЗША ў будучыні могуць быць вымушаныя весці вайну з «тэхналагічна развітай дзяржавай», і гэтая вайна будзе крывавай.

Па-другое, Трамп заявіў, што плануе павялічыць до 36 з 32 колькасць батальёнаў марской пяхоты – высокабаяздольнай і магутнай сілы хуткага рэагавання. Такім чынам колькасць боегатовых марскіх пехацінцаў можа таксама павялічыцца больш чым на 10 адсоткаў – і перавысіць колькасць 200.000 чалавек.

Амерыканскія марскія пехацінцы на сумесных вучэннях з украінскай марской пяхотай.

Па меркаванні кансерватыўнага аналітычнага цэнтру «Heritage Foundation», на які спасылаецца Трамп, як мінімум такая колькасць марской пяхоты патрэбная ЗША для «выканання вялікіх баявых задач».

Па-трэцяе, будучы прэзідэнт хоча павялічыць ваенны флот да 350 караблёў, а колькасць боегатовых знішчальнікаў падтрымліваць на ўзроўні 1.200 машын.

Цяпер у ВМФ ЗША 272 карабля асноўных баявых класаў, такім чынам галоўны інструмент, які забяспечвае прысутнасць амерыканскіх войск па ўсім свеце, таксама рэзка ўзмацняецца.

Канешне, гэтыя захады будуць патрабаваць дадатковых мільярдаў долараў фінансавання – аднак яны могуць і дапамагчы Трампу выканаць ягоныя абяцанні: скараціць беспрацоўе і павялічыць колькасць працоўных месцаў у машынабудаўнічай галіне прамысловасці.

Амерыканская авіяносная група падчас сумесных вучэнняў у Ціхім акіяне.

Такім чынам будучы прэзідэнт цалкам разрывае з палітыкай прэзідэнта Барака Оўбамы, які скарачаў амерыканскія ўзброеныя сілы і іх фінансаванне.

У выніку пры фармальна адносна мірнай рыторыцы Трамп хоча павялічыць і палепшыць як раз тыя складнікі амерыканскіх узброеных сіл, якія спатрэбяцца пры любым магчымым вайсковым канфлікце, асабліва з буйной тэхналагічна развітай краінай.

Да таго ж будучым міністрам абароны хутчэй за ўсё стане Джэймс Мэціс, былы генерал марской пяхоты, па словах якога ЗША павінна займаць больш цвёрдую пазіцыю адносна агрэсіўнай палітыкі Масквы.

Трамп як практычны бізнесмен і паспяховы палітык павінен разумець, што мала што ведае ў вайсковай справе, таму роля папулярнага генерала ў прыняцці ваенна-палітычных рашэнняў можа быць вельмі вялікай.

Улічваючы вышэйпералічанае, можна даволі ўпэўнена сказаць, што радасць Крамля адносна абрання Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША была заўчаснай.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў