У Менску ідуць аблавы


Міліцыянты імкнуцца нейтралізаваць дэмакратычных актывістаў напярэдадні акцыі салідарнасці з палітвязнямі.

Сёння раніцаю затрымалі «дзекабрыста» Фёдара Мірзаянава. Як распавёў «Белсату» былы палітвязень Ілля Васілевіч, на кватэру Мірзаянава раніцаю прыйшоў старэйшы ўчастковы Ленінскага РУУС Аляксандр Цэлаўс і загадаў ехаць з ім без тлумачэння прычынаў. Паводле непацверджанай інфармацыі, Фёдар Мірзаянаў праходзіць сведкам у крымінальнай справе.

«Цяпер мы разам з адвакатам накіроўваемся ў Ленінскі РАУС, каб высветліць, ці там утрымліваюць Фёдара і ў звязку з чым яго затрымалі», – распавяла «Белсату» Алена Ліхавід.

Таксама сёння затрымалі актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, Андрэя Малчана (утрымліваецца ў Першамайскім РАУСе) ды Ігара Кудлава (у Завадскім РАУСе). Ва ўласнай кватэры заблакаваны былы палітвязень Сяргей Казакоў. У кватэру імкнуцца трапіць невядомыя ў цывільным, аднак актывіст не адчыняе ім дзверы.

Сёння ў Менску а 19:00 на Кастрычніцкай плошчы мае прайсці акцыя салідарнасці з палітзняволенымі.

belsat.eu

Стужка навінаў