Станіслаў Багданкевіч: Дэвальвацыя рубля будзе працягвацца


Экс-кіраўнік Нацыянальнага банку, прафесар Станіслаў Багданкевіч, ацэньвае выхад на адзіны курс беларускага рубля ў цэлым станоўча для аздараўлення эканомікі краіны.

«Гэта фактычна прызнанне наяўнасці глыбіннага сістэмнага крызісу ў краіне. Бо нельга не прызнаць, калі абвал курсу адбыўся з 3000 да 8600 рублёў, гэта значыць амаль у тры разы. Поруч з абвалам цэнаў на спажывецкім рынку гэта другі паказнік глыбіннага крызісу. Для таго каб лячыць эканоміку, трэба спачатку прызнаць, што ёсць хвароба, паставіць дыягназ. Дыягназ ужо ёсць – можна пачынаць аздараўляць эканоміку, спрабаваць стабілізаваць курс, крок за крокам умацоўваць нацыянальную валюту. Таму, нягледзячы на ўсе мінусы, прызнанне рэаліяў – гэта плюс», – падкрэсліў Багданкевіч.

На пытанне, ці захоўваецца магчымасць яшчэ адной дэвальвацыі, прафесар адказаў сцвярджальна. «Я б сказаў, дэвальвацыя будзе паўзці. Калі толькі ўлады не здолеюць спыніць рост рублёвай грашовай масы. За трэці квартал сёлета запазычанасць эканомікі камерцыйным банкам вырасла на 9 трыльёнаў рублёў. Гэта велізарны рост – далей яго не павінна быць», – перакананы Багданкевіч. На ягоную думку, неабходна абмежаваць крэдытаванне дзяржпраектаў не першай неабходнасці, скараціць выдаткі дзяржбюджэту і адначасова актывізаваць працу ўнутрынацыянальнага рынку. «Трэба абмежаваць рост экспарту. Мы гатовыя «вымесці» ўсё на спажывецкім рынку дзеля экспарту. Гэта шкодзіць эканоміцы ў цэлым. Трэба экспартаваць тое, што нам не трэба, а не агаляць спажывецкі рынак мяса, малака і гэтак далей», – упэўнены экс-кіраўнік Нацыянальнага банку.

belsat.eu

Стужка навінаў