Хуткасныя электрычкі злучаць Менск з Магілёўшчынаю


Нягледзячы на крызіс, Беларуская чыгунка адшукала інвестараў для развіцця праекту «Гарадскія лініі».

Некалькі гадоў таму кіраўніцтва Беларускай чыгункі агучыла свае намеры электрыфікаваць участак дарогі ад Асіпавічаў да Гомля. Але грымнуў фінансава-эканамічны крызіс, і праект хацелі адкласці. Аднак кітайскія бізнесоўцы выказалі жаданне інвеставаць грошы ў развіццё і электрыфікацыю чыгункі.

Ва ўпраўленні Белчыгункі кажуць, што праект разлічаны на 2011–2015 гг. і ажыццяўляецца за кошт крэдытных сродкаў Экспартна-імпартнага банку Кітаю і ўласных сродкаў Беларускай чыгункі. «Кітайскі партнёр абраны невыпадкова. На сёння КНР – прызнаны сусветны лідар у развіцці хуткаснага руху і электрыфікацыі чыгуначных шляхоў. Будаўнічыя працы і будматэрыялы нашыя, а ўсё абсталяванне і матэрыялы для кантактнай сеткі будуць пастаўляцца з Кітаю», – патлумачылі ў прэсавай службе.

Паводле начальніка Асіпавіцкага аддзялення чыгункі Юрыя Чапялова, праца распачалася яшчэ ў траўні. «Паколькі мы пераабсталёўваем дзейсную чыгунку і працаваць магчыма толькі днём, працэс крыху замаруджваецца, хоць фінансаванне паступае стабільна», – заявіў ён.

Электрыфікацыя пройдзе на ўчастках Гомель–Жлобін–Асіпавічы і Жлобін–Калінкавічы. Дзякуючы гэтаму, з’явіцца магчымасць злучыць Бабруйск з Менскам хуткаснай электрычкаю «Гарадскія лініі». Нагадаем, што раней кіраўніцтва чыгункі абвесціла, што такія самыя цягнікі будуць хадзіць у гарады-спадарожнікі і Баранавічы. Хуткасная электрычка цяпер стала курсуе па маршруце Менск–Заслаўе–Менск.

belsat.eu

Стужка навінаў