Юрый Чавусаў: Аўтарытарызм нам не па кішэні


Афіцыйны Менск не мае канкрэтных планаў выхаду з эканамічнага крызісу і паляпшэння стасункаў з заходнімі суседзямі, мяркуе палітолаг Юрый Чавусаў.

«У Беларусі сітуацыя, калі планаванне ідзе толькі на бліжэйшыя пару месяцаў. А далей будзе новая фаза стасункаў з замежнымі партнёрамі, – гаворыць Чавусаў. – Гэта такі падыход – не планаваць стратэгічна, а, маўляў, «я падумаю пра гэта заўтра». Уся краіна жыве паводле такога прынцыпу. І гэтак беларускі рэжым трымае палітвязняў дзеля таго, каб выпусціць іх у той момант, калі гэта паўплывае на наяўнасць жывых грошай».

Эксперт кажа, што цягам апошняга дзесяцігоддзя краіна жыла «з заплюшчанымі вачыма». «Праблемы ў нашым рэгіёне – вельмі сур’ёзныя. Гэта не толькі праблемы Беларусі, гэта праблемы і Польшчы, і прыбалтыйскіх краінаў, і Украіны. Мы заплюшчвалі вочы на гэтыя праблемы і праз крэдыты, праз гэткія «абязбольвальныя», забыліся на тое, што ў краіне ёсць сур’ёзныя эканамічныя праблемы, якія не вычэрпваюцца пытаннем адзінага курсу. Гэта праблемы структурнага характару», – падкрэсліў Юрый Чавусаў.

Палітолаг адзначае негатовасць афіцыйнага Менску радыкальна рэфармаваць палітычную і эканамічную сістэмы. Праз гэта краіна можа аказацца цалкам непадрыхтаванаю для далейшага пагаршэння эканамічнай сітуацыі. «Цяпер шараговы беларус, мянчук, разумее, што трэба рыхтавацца да зацягвання паясоў. Урад, адміністрацыя краіны яшчэ не гатовыя прызнаць, што аўтарытарызм Беларусі проста не па кішэні. Але гэта непазбежнасць – прыйдзецца прызнаць гэты факт», – зазначае палітолаг.

«Цяпер з палітычных матываў мы не гатовыя на дыялог з Захадам. Грошы і рэсурсы нам дае Усход: ЕўрАзЭС, продаж «Белтрансгазу». Гэта магчымасць перасядзець да наступнай фазы дыялогу з Захадам, – гаворыць Юрый Чавусаў. – Але, безумоўна, дыялог з Захадам не будзе такім, як раней. Не будзе захапленняў ад быццам бы трансфармацыі апошняй дыктатуры. Гэта будзе дыялог з усведамленнем, што ён вядзецца з дыктатураю, тыранам».

belsat.eu

Стужка навінаў