Сем год без Веранікі Чаркасавай


20 кастрычніка 2011 г. – сёмая гадавіна са дня смерці беларускай журналісткі Веранікі Чаркасавай. Сябры, калегі ды сваякі спаткаліся сёння на ейнай магіле ў Калодзішчах.

Следства ў справе было прыпыненае 8 лютага 2007 г. Прычына – не была высветленая асоба, якую магчыма прыцягнуць у якасці абвінавачанага.

На сённяшні дзень, як паведамляе памочнік менскага пракурора Сяргей Балашаў, следства па-ранейшаму прыпыненае. Паводле яго, ніякіх новых доказаў і падазраваных яшчэ няма, аднак “ёсць некаторыя напрацоўкі”. Якія менавіта – Балашаў удакладніць адмовіўся, спаслаўшыся на таямніцу следства.

Калегі ды сваякі звязваюць забойства Веранікі з ейнаю прафесійнаю дзейнасцю. Апошнія гады журналістка працавала ў незалежнай газеце “Салідарнасць”. Чаркасава пісала пра рэлігійныя секты на тэрыторыі Беларусі. Увесну 2004 г. у “Салідарнасці” выйшаў цыкл артыкулаў журналісткі “КДБ усё яшчэ сочыць за табою”, а яшчэ раней Вераніка Чаркасава пісала пра іракскія кантракты фірмаў, звязаных з “Інфабанкам” пры Садаму Хусейну. Апошняя публікацыя Чаркасавай – пра адзінага лётчыка, які мае дазвол лётаць над Менскам.

Прадстаўнікі “Агенцтва журналісцкіх расследаванняў” пры Беларускай асацыяцыі журналістаў выказалі версію, што Чаркасава магла быць уцягнутая ў вайну паміж дзвюма кланавымі групоўкамі за ўсталяванне кантролю над гомельскім заводам вытворчасці вінаў. Забітая журналістка, на іхную думку, магла валодаць інфармацыяй, апублікаванне якой пагражала аднаму з канфліктных бакоў стратаю буйной сумы грошай.

Следства ад самага пачатку разглядала як асноўную адзіную версію – забойства побытавага характару. Падазраванымі спачатку былі 15-гадовы сын Чаркасавай і ейны айчым. У красавіку 2005 г. падазрэнні з іх знялі.

“Я мяркую, што ўлады самі маюць дачыненне да гэтага забойства. Навошта ж яны будуць самі пра сябе распавядаць. На мой погляд, гэта настолькі відавочна, што няма чаго і казаць”, – каментуе Дыяна Чаркасава, маці забітай журналісткі.

“Вераніка была вельмі мудраю жанчынаю. Гэта адлюстравана ў ейных матэрыялах. Яна была сапраўдным прафесіяналам. За некалькі дзён да трагедыі яна ўвайшла ў рэдакцыю – яна была вельмі яркая, вясёлая і прыгожая ў той дзень. Яна засмяялася і, як матылёк, паляцела ў свой маленькі белы аўтамабіль. Такой я яе і запомню”, – кажа калега Веранікі, Алена Якжык.

Беларуская журналістка Вераніка Чаркасава была жорстка забітая 20 кастрычніка 2004 г. у сваёй менскай кватэры. Забойца нанёс жанчыне больш за сорак нажавых раненняў, якія былі пераважна на шыі. Кілер не ўзяў ні грошай, ні каштоўнасцяў, а толькі пакінуў след крыві ў адраснай кнізе Веранікі.

belsat.eu

Стужка навінаў