З пацярпелага – у вінаватыя


Журналісту “Белсату”, што паскардзіўся на неправамоцныя дзеянні міліцыянтаў, пагражаюць адміністратыўнаю справаю.

Гісторыя супрацьстаяння незалежнага журналіста з Ліды Сяргея Карпенкі незаконным дзеянням міліцыянтаў цягнецца ўжо некалькі месяцаў. Журналіста затрымалі ў Лідзе 22 чэрвеня падчас акцыі маўклівага пратэсту. “Я нават не здымаў нічога на камеру. Стаяў з жонкаю і сябрамі, калі да мяне падскочылі міліцыянты і са словамі “Мы ведаем, хто вы такі” надзелі кайданкі ды пацягнулі ў аўтамабіль”, – згадвае Сяргей Карпенка. Затрыманне было жорсткае – журналісту разбілі галаву.

У пастарунку на яго склалі два пратаколы — аб дробным хуліганстве і непарападкаванні працаўнікам міліцыі. Аднак дзякуючы таму, што ў судзе Карпенка падаў відэа свайго затрымання, складу правапарушэння ў ягоных дзеяннях не знайшлі.

Сяргей Карпенка зафіксаваў у судмедэкспертаў збіццё і напісаў скаргу ў пракуратуру. Пасля гэтага, кажа журналіст, яго пачалі запалохваць. Да яго ў хату некалькі разоў прыходзілі міліцыянты, аўтамабіль беспадстаўна спынялі працаўнікі ДАІ, а пракурор у прыватнай тэлефоннай размове пагражаў журналісту крымінальнаю справаю.

Прыйшоў і адказ на скаргу журналіста. Пракуратура адмовілася распачаць справу, бо не знайшла ў дзеяннях міліцыянтаў парушэння заканадаўства. Як вынікае з паперы, абвінавачанне можа быць выстаўленае якраз Сяргею Карпенку – нібыта за абразу працаўнікоў міліцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў