Стэфановіч: Суд над Бяляцкім, хутчэй за ўсё, будзе адкрыты


Суд над праваабаронцам, віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесем Бяляцкім, пачнецца 2 лістапада, паведаміў ягоны калега Валянцін Стэфановіч.

Паводле Стэфановіча, справа Бяляцкага будзе слухацца ў судзе Першамайскага раёну Менску. «Аднак пасяджэнне пачнецца ў будынку суда Маскоўскага раёну. Гэта азначае, што суд, хутчэй за ўсё, будзе адкрыты. Сам па сабе суд Першамайскага раёну малы, там няма ёмістых залаў. Тое, што для суда над Бяляцкім выкарыстоўваецца будынак суда Маскоўскага раёну, дзе ёсць ёмістыя залы, хутчэй за ўсё, азначае, што суддзі рыхтуюцца да вялікага наплыву наведнікаў», – мяркуе праваабаронца.

Працэс пачнецца а 10:00. Весці яго будзе суддзя Бандарэнка.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца пад арыштам з 4 жніўня. Яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу («Утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры»). Падставаю для крымінальнага пераследу праваабаронцы сталася інфармацыя пра ягоныя рахункі ў замежных банках, перададзеная беларускім уладам Міністэрствам юстыцыі Літвы і Генеральнаю пракуратураю Польшчы. Улады гэтых краінаў публічна папрасілі прабачэння ў Бяляцкага і ягоных родных, а таксама прыпынілі кантакты з Беларуссю ў межах дамоваў аб прававой дапамозе. Вызвалення Алеся Бяляцкага патрабуюць міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўразвязу, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных краінаў.

belsat.eu

Стужка навінаў