Курманбека Бакіева судзяць завочна


У Бішкеку распачаўся судовы працэс над экс-прэзідэнтам Кыргызстану Курманбекам Бакіевым і шэрагам высокапастаўленых чыноўнікаў.

Шасцёра абвінавачаных, у тым ліку экс-прэзідэнт Бакіеў і ягоныя сямейнікі, застаюцца ў вышуку за межамі Кыргызстану. Ім завочна выставілі абвінавачанні ў суўдзеле ў наўмысным забойстве дзвюх і больш асобаў, у перавышэнні службовых паўнамоцтваў з ўжываннем гвалту, а таксама злоўжыванні службовым становішчам.

Нагадаем, зрынуты прэзідэнт Кыргызстану з неафіцыйнаю жонкай і двума дзецьмі жыве ў Беларусі з 19 красавіка – на запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі.

Новыя ўлады Кыргызстану двойчы звярталіся ў Генпракуратуру Беларусі з просьбаю выдаць Бакіева і двойчы атрымалі адмову. Афіцыйны Менск заяўляе, што не знаходзіць заканадаўчых падставаў для задавальнення просьбы.

Будынак сталічнага Палацу спорту, у якім вырашылі правесці паседжэнне Ваеннага суда Бішкекскага гарнізону ў сувязі з беспрэцэдэнтнаю колькасцю ўдзельнікаў працэсу і яго грамадскаю значнасцю, па пэрымэтры ачэплены працаўнікамі сілавых структураў. У зале, акрамя сваякоў 78 загінулых і больш як 300 пацярпелых ды сведкаў, прысутнічаюць таксама каля двух дзясяткаў пракурораў на чале з генеральным пракурорам краіны, а таксама адвакаты і грамадскія абаронцы 28 абвінавачаных – усяго каля 600 чалавек.

7 красавіка 2010 года натоўп мітынгоўцаў захапіў будынак ураду Кыргызстану, які абаранялі працаўнікі Службы дзяржаўнай аховы краіны і байцы спецпадраздзялення “Альфа” Дзяржаўнай службы нацыянальнай бяспекі. Падчас штурму будынку на цэнтральнай плошчы Бішкеку, а таксама падчас закалотаў, што адбыліся ў сталіцы, загінулі каля 90 чалавек і 1,5 тысячы атрымалі раненні. Улада перайшла ў рукі часовага кааліцыйнага ўраду, які складаецца з лідараў апазіцыйных партыяў.

belsat.eu

Стужка навінаў