Працягваецца суд аб выбуху ў менскім метро


19 кастрычніка, на 25 дзень разбіральніцтва, у судзе апыталі пацярпелых ад выбуху 4 ліпеня 2008 года. Суд таксама адмовіўся прыняць хадайніцтвы абароны.

Абаронца Уладзіслава Кавалёва запатрабаваў у расейскага мабільнага аператара „Мегафон” звесткі на сім-карту, знойдзеную ў Менску ў кватэры Канавалава. Суд таксама не прыняў хадайніцтва аб змяненні меры стрымання Кавалёва на падпіску аб нявыездзе. Адвакат адзначыў, што відэазапіс ад 10 красавіка, на якім можна ўбачыць чалавека, падобнага да Кавалёва, на станцыях метро „Фрунзенская”, „Кастрычніцкая” і „Купалаўская”, паказалі абвінавачанаму 12 красавіка, фактычна ж выманне відэазапісаў праводзілася праз тыдзень пасля гэтага. Гэта, паводле адваката, не дае магчымым лічыць відэазапіс правамоцным доказам.

Былы следчы Алег Волчак называе працэс не юрыдычным, а палітычным. „У следчых дзеяннях, што праводзіліся, ідуць суцэльныя парушэнні крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Спецслужбы мусяць даць справаздачу Лукашэнку, што яны раскрылі ўсе факты выбухаў, што ёсць група. Я лічу, што Лукашэнку ўвялі у зман спецслужбы”. Як кажа Волчак, суд не мае аніякіх доказаў, якія тычацца папярэдніх выбухаў у Беларусі, акрамя галаслоўных паказанняў абвінавачаных.

Волчак мяркуе, што для выбуху ў метро быў выкарыстаны мінны матэрыял, а не банкі з газаю, змешанаю з ацэтонам, як заяўляе сам абвінавачаны Канавалаў. ”Я сумняюся, ці ўвогуле Канавалаў меў дачыненне да гэтай справы. Можа гэта – ягоная фантазія пад уздзеяннем псіхатропных прэпаратаў, якія маглі ўжывацца. На сённяшні дзень у мяне ўсё болей сумневаў, што яны бралі ў гэтым удзел”.

Як паведамляе спецыяліст, у ходзе расследавання высветлілася, што Канавалава збівалі. „Следства правялі няпоўна, не ўсебакова і падрыхтавалі з абвінаваўчым ухілам. Складваецца ўражанне, што нейкі казачнік сядзеў і складаў між іншага гэтую камедыю”, – кажа Волчак. На ягоную думку, тэракт маглі арганізаваць толькі прафесіяналы, а на Канавалава і Кавалёва націснулі.

“У суда ёсць усталёўка: закончыць справу любымі сродкамі. Гэта азначае, што хочуць хутчэй асудзіць”. На ягоную думку, гэта выгадна дзяржаве, якая не хоча даваць грошай пацярпелым. Пасля прысуду гэтыя грошы пацярпелыя мусяць спагнаць з асуджаных. „Ніхто іх не апраўдае, якія б не былі прыведзеныя доказы, – упэўнены Алег Волчак. – У нас няма незалежнага суда. У нас суд – гэта прыдатак улады”.

Выбух у менскім метро прагрымеў 11 красавіка, на станцыі „Кастрычніцкая”. 15 чалавек загінулі, каля 190 пацярпелі. Тэракт раскрылі літаральна на наступны дзень. Арыштаваным Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву пагражае смяротнае пакаранне – паводле абвінавачання ў тэрарызме.

belsat.eu

Стужка навінаў