Таццяна Севярынец: На сваёй зямлі хавацца не збіраюся


Спадарыню Таццяну, віцебскую каардынатарку аргкамітэту стварэння партыі БХД, маці палітвязня Паўла Севярынца, шукае міліцыя.

“Прыйшлі двое ў форме, адзін у цывільным і пачалі пытаць, дзе спадарыня Таццяна. Я ім адказаў, што размаўляць з імі не буду, бо іх не ведаю”, – распавёў “Белсату” муж актывісткі Кастусь Севярынец. Паводле яго, міліцыянты паводзіліся не нахабна, у кватэру сілком не ўломваліся, пасля яго адмовы пусціць іх трохі пастаялі пад дзвярыма і з’ехалі.

Сама спадарыня Таццяна мяркуе, што цікаўнасць міліцыі звязана з яе актыўным удзелам у Народным сходзе, бо іншых “грахоў” за ёй не назіраецца. “У нас тут ужо шмат да каго прыходзілі з актыўных удзельнікаў акцыі, пагражалі непрыемнасцямі. Але я на сваёй зямлі хавацца не збіраюся”, – гаворыць Таццяна Севярынец.

Рэзалюцыю Народнага сходу, пад якой у Віцебску падпісаліся 40 чалавек, яна адразу ж пасля акцыі занесла ў Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт. “Вось, сёння атрымала адказ, што паколькі зварот складзены не паводле формы, разглядаць яго не будуць. Ну, не хочуць яны прызнаць, што рэзалюцыя і зварот – гэта розныя рэчы”, – смяецца спадарыня Таццяна.

Народны сход прайшоў у Віцебску, як і па ўсёй краіне, 8 кастрычніка. Удзел у ім узялі каля 300 чалавек. Пасля акцыі міліцыянты доўга пільнавалі яго вядоўцаў: Ірыну Яскевіч, Таццяну Севярынец і Валера Спаткая, аднак іх схавалі жыхары дому на вуліцы Багдана Хмяльніцкага, у двары якога праводзілася сустрэча.

belsat.eu

Стужка навінаў