100 выданняў «Рэпартэра» аб праблемах беларусаў


На «Белсаце» выйшла ў эфір сотае выданне праграмы «Рэпартэр» – адной з асноўных публіцыстычных праграмаў тэлеканалу. Сюжэты для «Рэпартэра», які паказвае рэчаіснасць такой, якая яна ёсць і праблемы звычайных беларусаў, здымаюць незалежныя тэлерэпарцёры. Праграму папераменна вядуць Кірыл Смяглікаў і Сяргей Пеляса. Прэм’ернае выданне «Рэпартэра» глядзіце ў чацвер а 21:25 пасля галоўнага выдання «Аб’ектыву». Папярэднія выданні праграмы можна праглядаць на сайце тэлеканалу.

Юрый Каліна, рэдактар праграмы «Рэпартэр» адказвае на пытанні рэдакцыі сайту тэлеканалу.

– Вас ведаюць як рэжысёра дакументальных фільмаў на сацыяльна-палітычную і рэлігійную тэматыку. Але вы ствараеце і праграму «Рэпартэр». Як узнікла ідэя праграмы, адкуль гэтая назва?

Сапраўды, я надоечы склаў сваю фільмаграфію, цягам 15 гадоў назбіралася больш за 100 рэпартажаў і дакументальных фільмаў, знятых на замову амаль усіх каналаў грамадскага Польскага тэлебачання. Сярод іх – значная частка з Беларусі і пра беларускую нацыянальную меншасць у Польшчы. Блізкая мне таксама праваслаўная тэматыка, бо я сам – праваслаўны беларус, хоць паводле нараджэння (і свайго, і бацькоў) я – грамадзянін Польшчы. Я лічу, што рэпартаж і дакументальны фільм – гэта тыя віды тэлежурналістыкі, якія дакладна адлюстроўваюць рэальнае жыццё і праблемы простых людзей. Таму калі чатыры гады таму мы абмяркоўвалі першы графік праграмы «Белсату», я прапанаваў тэлечасопіс незалежных журналістаў з Беларусі. Назва «Рэпартэр», бо ключавою фігурай у стварэнні такой праграмы мае быць дапытлівы тэлежурналіст, які ўмее знайсці добрую тэму і цікава яе паказаць.

– Пра што распавядае праграма?

Паводле задумы, «Рэпартэр» мусіў засяроджвацца на праблемах простых грамадзянаў Беларусі, якія пацярпелі ў выніку бюракратыі, парушэння правоў чалавека і грамадзянскіх правоў. І адначасова паказваць станоўчы прыклад людзей, якія нават у беларускіх рэаліях працуюць на карысць грамадзянскай супольнасці, пашырэння беларускай культуры, мовы, звычаяў.

«Рэпартэр» – гэта не палітычная праграма. Мы не рэагуем наўпрост на падзеі, звязаныя з палітыкаю. Такія падзеі, як разгон апазіцыйнай акцыі на вуліцах Менску, паказвае штодзённая інфармацыйная праграма «Аб’ектыў». Мы ж імкнемся знайсці паасобных герояў тых падзеяў, каб даведацца ў іх, чаму яны вырашылі ўдзельнічаць у акцыях.

Палітычныя пытанні – гэта толькі малая частка таго, што мы паказваем у нашай праграме. Мяне найбольш цікавіць беларуская правінцыя, штодзённасць людзей, якія жывуць там. Я рады, што ў нас усё больш і больш такіх тэмаў.   

– 100 выданняў – гэта амаль 400 рэпартажаў. Ці ёсць у Вас рэпартаж або рэпартажы, якія пакінулі найбольшы след?

Кожнае выданне адрозніваецца ад папярэдніх, яно па-свойму цікавае. Я быў станоўча здзіўлены, калі праз год пасля першага выдання да нашых журналістаў у беларускай правінцыі пачалі звяртацца людзі, якім мясцовыя ўлады не даюць спакойна жыць. Нашыя гледачы ў раёне Салігорску скардзіліся, што яны жывуць ва ўмовах пагрозы здароўю і жыццю, а кіраўніцтва адкрытай шахты не хоча плаціць за перасяленне. Хоць раней абяцала гэта людзям. Іншыя нашыя гледачы пратэставалі супраць размяшчэння магільніку радыеактыўных матэрыялаў непадалёк іхнага месца жыхарства і прасілі нас заняцца гэтаю справаю. Такіх прыкладаў ёсць вельмі шмат.

Высвятляецца, што беларусы не такія запалоханыя, як пра гэта кажуць. Калі ім нехта наступіць на мазоль, яны здольныя абараняцца да канца. «Белсат» ужо зрабіўся ўстановаю, у якую звяртаюцца па дапамогу. Таму я хацеў бы, каб «Рэпартэр» зрабіўся некалі праграмаю, якая б дапамагала людзям, а нашыя журналісты – кампетэнтнымі і аб’ектыўнымі «адвакатамі» пацярпелых і тых, каму патрэбная дапамога. Я тут, вядома, не сказаў нічога новага – гэта задача журналістаў ува ўсім свеце. Праблема ў тым, што ў Беларусі пакуль што гэтага няма.

– Як ствараецца праграма, з кім вы супрацоўнічаеце ў Беларусі?

Журналісты праводзяць здымкі і мантаж матэрыялаў у Беларусі, гатовыя матэрыялы яны прысылаюць у рэдакцыю ў Беластоку. Тут мы дадаем запіс са студыі, збіраем усё ў адно і адпраўляем на трансляцыю ў Варшаву.

«Рэпартэр» ствараецца, у першую чаргу, дзякуючы працы журналістаў у Беларусі. Але яшчэ да таго, як мы выйшлі ў эфір, іх трэба было знайсці і падвучыць. У сітуацыі, у якой даводзіцца працаваць «Белсату», гэта вельмі складаная задача. Таму радуе факт, што лічба працаўнікоў застаецца практычна нязменнаю. Хоць мяняюцца прозвішчы. Я падлічыў, што за чатыры гады з нашаю рэдакцыяю супрацоўнічалі блізу 50 журналістаў. Некаторыя з іх застаюцца з намі да сёння, некаторыя з іх рэалізоўваюць сябе ў іншых жанрах тэлежурналістыкі, а некаторыя не вытрымалі ціску і сышлі. Гэта натуральны працэс, я іх не вінавачу.

Адначасова я ўсіх напатканых журналістаў з Беларусі заахвочваю пачаць супрацу з «Рэпартэрам», бо гэта вельмі добрая школа тэлежурналістыкі. Калі хтосьці не хоча на ўсё жыццё заставацца «навіннікам», то ён калісьці мае пачаць здымаць нарысы, рэпартажы і дакументальныя фільмы. Гэта натуральны шлях да кар’еры на тэлебачанні. Я сам яго прайшоў і цяпер вучу іншых.

Размаўляў Сяргей Пеляса

Стужка навінаў