Чарговае падвышэнне коштаў на вышэйшую адукацыю


Ужо ў лістападзе студэнты будуць плаціць нават да 28 % болей за навучанне. Гэта трэцяе павялічэнне коштаў цягам апошняга года.

Паводле неназванай крыніцы interfax.by – выкладчыка “аднаго з вядучых ВНУ краіны”, –кошты уздымуцца ўслед за заробкамі выкладчыкаў, якія павялічыліся ў кастрычніку на 28 %. “Праз тое, што ў структуры выдаткаў на адукацыйныя паслугі асноўную ўдзельную вагу займае аплата працы прафэсарска-выкладчыцкага складу, з падвышэннем стаўкі першага разраду аплата за навучанне ў ВНУ абавязкова падвысіцца», – заявіла крыніца.

Магчыма, як і ў выпадку папярэдніх падвышэнняў, не ўсе ўніверсітэты рэзка зменяць аплату за навучанне. Аднак у такім выпадку гэта адаб’ецца на якасці адукацыі. “Асобныя ВНУ могуць знізіць аплату за кошт рэнтабельнасці, але гэта паўплывае на магчымасці навучальнай установы ў абнаўленні матэрыяльнай базы, утрыманні ды прыцягненні персаналу, і знізіць канкурэнтаздольнасць беларускіх ВНУ», – зазначыў выкладчык.

Пра папярэдняе падвышэнне абвесцілі ў жніўні, а на пачатку 2011 года, у сярэдзіне зімовай сесіі, студэнтаў паінфармавалі пра павелічэнні аплаты практычна на чвэрць. Нават без апошняга падвышэння паводле росту коштаў на вышэйшую адукацыю Беларусь займае першае месца ў Еўропе.

belsat.eu

Стужка навінаў