Беларусы не хочуць купляць беларускае


Нягледзячы на падаражанне замежных тавараў удвая.

Паводле даследавання сацыялагічнага цэнтру “Зеркало-ИНФО”, толькі 17 % беларусаў аддаюць перавагу таварам айчыннай вытворчасці. Найбольшаю папулярнасцю карыстаюцца харчовыя прадукты (73 %), а таксама беларускі абутак (42 %). Менш за ўсё запатрабаваная беларуская побытавая хімія, тэхніка, а таксама тэкстыль, кажуць сацыёлагі. За апошні час сталі набываць больш беларускай касметыкі, ёю карыстаецца 21 % апытаных, бо замежная стала задарагая. Дарэчы, ініцыятыва “Беллегпраму” з павелічэннем мытаў на замежны абутак можа такім самым чынам павысіць попыт на айчынныя тавары.

А вось побытавая хімія, нягледзячы на ўкладанні з боку дзяржавы, па-ранейшаму застаецца стратная. У прыватнасці, на мадэрнізацыю найбуйнейшага прадпрыемства “Бархім” летась вылучылі 25 млрд руб. “Грошы пайшлі на пераабсталяванне новага цэху паводле італьянскай тэхналогіі. Яго магутнасць разлічаная на выпуск 10 тысяч тонаў парашка за год”, – распавяла начальніца аддзелу якасці Тамара Вітаўтава. Пры гэтым акцыі стратнага прадпрыемства неаднаразова выстаўлялі на продаж. Цікава, што адзін з заснавальнікаў прыватнага прадпрыемства вырабу побытавай хіміі “Сонца” апавядаў, што спачатку хацеў 30 мільёнаў долараў інвеставаць у «Бархім» пасля таго, як там змантавалі новае імпартнае абсталяванне. «Я дайшоў да віцэ-прэм’ера, але мне адмовілі, – сцвярджае Сяргей Левін. – Праўда, неўзабаве «Бархім» з’явіўся на аўкцыёнах па цане ніжэйшай, чым мы прапаноўвалі». Пакуль кантрольны пакет “Бархіму” па-ранейшаму належыць дзяржаве.

У “Зеркало-ИНФО” дадаюць, што практычна кожны дзесяты рэспандэнт набывае прадукцыю беларускай вытворчасці, бо «іншых тавараў проста няма» (13 %), бо «адсутнічаюць аналагічныя тавары іншых краінаў-вытворцаў» (12 %). Дарэчы, толькі 6 % апытаных гараджанаў і вяскоўцаў купляюць тавары беларускай вытворчасці з-за «прывабнага вонкавага выгляду».

belsat.eu

Стужка навінаў