Валянцін Стэфановіч: З пастановаю мяне азнаёмілі яшчэ да разгляду справы


Інспекцыя Міністэрства падаткаў і збораў Партызанскага раёну Менску прыняла рашэнне аштрафаваць намесніка старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча на Br 4 727 330.

Гэта 15 % ад сумы нясплачанага праваабаронцам падатку за 2009–2010 гады. “Паводле пастановы, яны палічылі, што я праз неасцярожнасць не паказаў усёй сумы прыбытку, якая падлягае падаткаабкладанню. У якасці змякчальных акалічнасцяў указалі, што ў мяне двое няпоўнагадовых дзяцей”, – распавёў “Белсату” пра паседжанне Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца звяртае ўвагу на той факт, што з пастановаю падатковай інспекцыі яго азнаёмілі яшчэ да разгляду справы. “Мне далі яе на подпіс разам з пратаколам аб адміністратыўным правапарушэнні. Аднак я адмовіўся яе падпісваць і зазначыў у пратаколе факт таго, што пастанова была гатовая да разгляду справы па сутнасці. Аднак намеснік начальніка інспекцыі заявіў, што гэта быў толькі праект”, – распавядае Валянцін Стэфановіч.

Ён таксама гаворыць, што не ўсе матэрыялы справы былі перакладзеныя на расейскую мову. У прыватнасці, некаторыя банкаўскія раздрукоўкі падалі на ангельскай мове: “Маё хадайніцтва аб тым, што пераклад мае істотнае значэнне для разгляду справы, адхілілі”. Валянцін Стэфановіч збіраецца абскардзіць у судзе сённяшняе рашэнне падатковай інспекцыі. Праваабаронца настойвае на тым, што гэтыя грошы не ёсць ягоным асабістым прыбыткам.

Нагадаем, адміністратыўную справу супраць Валянціна Стэфановіча распачалі на падставе банкаўскіх звестак, што перадаў Беларусі літоўскі бок. Інспекцыя мела намер спагнаць з Валянціна Стэфановіча Br 31 500 000 нібыта ўтоенага падатку, а таксама Br 6 млн пені.

Таксама ва ўхіленні ад платы падаткаў, але ў асабліва буйным памеры вінавацяць і кіраўніка “Вясны” Алеся Бяляцкага. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека ўжо некалькі месяцаў утрымліваецца ў СІЗА. Вядома, што справу супраць Алеся Бяляцкага будзе разглядаць суд Першамайскага раёну сталіцы. Аднак, як гаворыць Валянцін Стэфановіч, ні суддзі, што будзе весці працэс, ні даты яго пачатку пакуль так і не прызначылі.

belsat.eu

Стужка навінаў