Пуцін нагадаў пра неабходнасць выканання ўсіх абавязкаў па крэдыце ЕўрАзЭС


Прэм’ер Расеі падкрэсліў, звяртаючыся да беларускага калегі Міхаіла Мясніковіча, што выкананне ўмоваў, выстаўленых Беларусі праз ЕўрАзЭС, неабходнае для вылучэння чарговых траншаў стабілізацыйнага крэдыту.

“Вы ведаеце, што праца ішла няпроста, спецыялісты на экспертным узроўні абмяркоўвалі ўмовы, на якіх гэта [дапамога] было б магчыма. Хацелі б звярнуць вашу ўвагу на тое, каб гэтыя ўмовы, якія ўзгадніў і беларускі бок, і нашыя эксперты, выконваліся своечасова. Разумеем, як гэта няпроста. Але для таго каб прынятыя рашэнні спрацавалі эфектыўна, гэта трэба выконваць”, – заявіў Пуцін. “Усё выконваецца, і ўсё будзе зроблена гэтак, як мы забавязаліся”, – адказаў прэм’ер-міністр Беларусі.

Пуцін нагадаў, што раней Беларусі вылучылі прыкладна 800 млн долараў, а цяпер разглядаецца пытанне аб другім траншы – 445 млн долараў. Пуцін таксама заявіў, што ўзаемадзеянне ў межах ЕўрАзЭС – безумоўны прыярытэт для Расеі. Паводле яго, з улікам дрэннай сітуацыі ў сусветнай эканоміцы і структурных дысбалансаў краіны ЕўрАзЭС мусяць праводзіць “вывераную ўзгодненую палітыку і дакладныя супольныя дзеянні”. Ён таксама адзначыў актуальнасць фармавання сістэмы ўзаемнага антыкрызіснага падтрымання.

У адпаведнасці з пагадненнем аб вылучэнні Беларусі крэдыту ЕўрАзЭС памерам 3 млрд долараў, краіна атрымае грошы некалькімі траншамі цягам трох гадоў: 1,24 млрд долараў у 2011 годзе, каля 800 млн долараў – у 2012-м і 1 млрд – у 2013-м.

Першыя 800 млн долараў у межах крэдыту Беларусь атрымала ў чэрвені. Другая частка – абяцаная восенню. Каб атрымаць грошы, уладам Беларусі трэба выканаць шэраг умоваў, у тым ліку праводзіць жорсткую бюджэтную палітыку і паменшыць дэфіцыт бюджэту сектару дзяржкіравання.

8 ліпеня віцэ-прэм’ер РФ Аляксей Кудрын, адказваючы на пытанні журналістаў, не выключыў, што ўмовы давання Беларусі стабілізацыйнага крэдыту з АКФ будуць перагледжаныя, калі беларускі бок не выканае ўзятыя на сябе абавязкі. “У мяне склалася ўражанне, што ўлады Беларусі не робяць дастатковых крокаў дзеля выхаду з крызісу”, – сказаў тады Кудрын.

Паводле яго, адміністрацыйныя захады, якія выкарыстоўвае Менск, не прывядуць да аздараўлення эканомікі ды не могуць разглядацца як антыкрызісныя. Абмежаванне імпарту, цэнаў і валютных курсаў падчас крызісу недапушчальнае, падкрэсліў Кудрын. Такім чынам “хвароба заганяецца ўглыб”, канстатаваў на той час кіраўнік Міністэрства фінансаў РФ.

Міністэрства фінансаў Расеі вядзе сталы маніторынг выканання праграмы рэформаў беларускім бокам, а канчатковае рашэнне ў пытанні беларускага крэдыту прымуць супольна краіны – чальцы Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

belsat.eu

Стужка навінаў