Як крызіс паўплываў на шлюбныя адносіны?


Беларускія мужчыны, маладзейшыя за 24 гады, выбіраюць сабе старэйшых жанчын.

Як сведчыць статыстыка, узрост, калі мужчыны вырашаюць, што яны гатовыя да сямейнага жыцця, пакрысе павялічваецца. Калі ў 2000 г. сярэдні ўзрост менчукоў, што ўпершыню браліся шлюбам, складаў 25,5 гадоў, то летась ужо 27 гадоў, паведамляе галоўнае статыстычнае ўпраўленне Менску. Большасць бярэ ў жонкі маладзейшых за сябе жанчын або аднагодак. Аднак кожны другі 18–19-гадовы жаніх афармляе адносіны з жанчынамі, старэйшымі за сябе.

Спецыяліст адной са сталічных псіхалагічных кансультацыяў спадарыня Юлія мяркуе, што на павялічэнне шлюбнага ўзросту паўплывала сукупнасць фактараў. Беларусаў, вядома ж, не абмінулі еўрапейскія тэндэнцыі, калі на першае месца выходзіць кар’ера, то бок маладыя людзі вырашаюць спачатку ўкладваць у будучыню – сваю і сваіх дзяцей.

Аднак, паводле псіхолага, значна болей на «шлюбнае пытанне» паўплываў крызіс. «У людзей банальна няма грошай на тое, каб гуляць вяселле, здымаць кватэру, гадаваць дзяцей. І калі раней значную частку гэтых выдаткаў бралі на сябе бацькі, то цяпер і яны сваім дзецям не памочнікі», – зазначае спадарыня Юлія.

«Заўважна, што цяпер ідзе фемінізацыя мужчынскага насельніцтва, асабліва маладога – хлопцы робяцца больш жанчынападобнымі не толькі вонкава, але і ў паводзінах. Вось і шукаюць сабе ў жонкі «матуль». У сваю чаргу жанчына робіцца ўсё больш самастойнай і сама зарабляе – сама можа ўтрымліваць сябе, свайго мужчыну і сама абірае сабе мужа. То бок мяняюцца мужчынскія і жаночыя ролі ў соцыуме», – тлумачыць псіхолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў