«Разумныя дамы» псуюць танным абсталяваннем


Да 2020 г. усе новыя дамы мусяць быць энергаэфектыўнымі. Ці гатовыя да гэтага нашы адмыслоўцы?

Комплексная праграма праектавання, будаўніцтва і рэканструкцыі энергаэфектыўных жылых дамоў была зацверджаная на 2009–2010 гг. і мае перспектыву да 2020 г. Яе мэта – знізіць спажыванне энергарэсурсаў, якія ідуць на ацяпленне. Дасягнуць гэтага магчыма, дзякуючы выкарыстанню новых канструктыўна-тэхналагічных ды інжынерных рашэнняў, а таксама найноўшага абсталявання. Такім чынам, кожны жыхар зможа кіраваць тэмпературай у кватэры – ад 14 да 25°С. Усе наладкі жыхароў будуць назапашвацца і перадавацца ў ЖЭС на запыт праз GSM.

У Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва падлічылі, што «разумныя дамы» за пяць гадоў эксплуатацыі даюць эканомію каля 1 млн тон умоўнага паліва. Плануецца, што да 2020 г. усё жытло ў Беларусі будзе ўзводзіцца ў энергаэфектыўным фармаце.

«Пераход у рэспубліцы на масавае будаўніцтва энергаэфектыўных дамоў дасць магчымасць забяспечыць эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў аб’ёмам 178 тысяч тон умоўнага паліва на год пры эксплуатацыі 10 мільёнаў квадратных метраў агульнай плошчы энергаэфектыўных жылых дамоў. Такім чынам, якасць жыцця насельніцтва павялічыцца за кошт камфортных умоваў», – паведаміў начальнік аддзелу навукова-тэхнічнай дзейнасці Сяргей Спірыдонаў.

Паводле старшыні таварыства ўласнікаў «Васняцова-34» Галіны Шут, такія дамы пачалі будаваць, выкарыстоўваючы нямецкія тэхналогіі. «У большасці новабудоўляў тэарэтычна ўжо закладзенае сучаснае найноўшае абсталяванне, якое забяспечвае эканомію энергіі, – кажа яна. – Гэтыя звесткі замацаваныя ў праектнай дакументацыі будынкаў, аднак калі справа даходзіць да ўсталявання, высвятляецца, што закупленае таннае беларускае або расейскае абсталяванне. У выніку кантраляваць тэмпературу ў кватэры амаль немагчыма, але вельмі часта жыхары пра гэта даведваюцца, калі ўжо «прынялі» дом».

Паводле суразмоўніцы, не ўсе будаўнічыя фірмы добрасумленна выдаткоўваюць грошы, часта сродкі на замежнае абсталяванне прасядаюць у кішэнях забудоўнікаў, бо закупаецца больш таннае абсталяванне. «Гэта абавязкова трэба кантраляваць будучым гаспадарам кватэраў, зазіраючы ў праектную дакументацыю дому», – раіць яна.

belsat.eu

Стужка навінаў