Нобелеўская лаўрэатка заклікае судзіць прэзідэнта


Нобелеўская лаўрэатка міру Таўакуль Карман з Емену 18 кастрычніка звярнулася да Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з просьбай ануляваць план Рады супрацы арабскіх дзяржаваў Персідскага заліву аб мірнай перадачы ўлады, які зробіць прэзідэнта Емену Алі Абдулу Салеха недатыкальным.

Жанчына аб’ядноўвае аднадумцаў, заклікаючы, каб ваенныя злачынствы еменскага прэзідэнта перадалі Міжнароднаму крымінальнаму суду. Таўакуль Карман заявіла, што застанецца ў Нью-Ёрку на нявызначаны час, пакуль яе патрабаванне не выканаюць: «Я застануся ў Нью-Ёрку, пакуль злачынствы дыктатара Салеха не перададуць у Міжнародны крымінальны суд і не замарозяць усе актывы. У новым Емене не будзе тэрарызму і «Аль-Каіды», бо яе падтрымлівае Алі Абдула Салех і ягоны рэжым. Гэтая нобелеўская прэмія ўзняла дух усіх мірных пратэстоўцаў на вуліцах, яны настроеныя на мірную рэвалюцыю, нягледзячы на тое, што Салех хоча прымусіць людзей быць жорсткімі. Таксама гэтая прэмія падтрымала еменскіх жанчын і моладзь, дала ім энергію для распаўсюду дэмакратыі ды правасуддзя».

«Мы вельмі шчаслівыя бачыць яе, так, мы вельмі шчаслівыя. Мы вельмі ганарымся ёю!» – гаворыць удзельнік акцыі пратэсту ў Нью-Ёрку Амран Эльсусайсі.

«Менавіта з-за кіраўніцтва і з-за рэжыму Салеха краіна адсталая і не прагрэсуе. Праз яго ў краіне вельмі нізкі ўзровень пісьменнасці і высокі ўзровень галечы. Я абвінавачваю ягоны рэжым», – заявіла Таўакуль Карман.

Яна дала зразумець, што хоча толькі прымянення санкцыяў да Салеха і ягонага блізкага атачэння, а не ўмяшання НАТО.

belsat.eu

Стужка навінаў