Хакеістаў забіла памылка пілота


«Як-42» разбілі з вялікаю цяжкасцю. Для гэтага пілоту прыйшлося прыкласці высілкі на 64 кілаграмы», – піша расейская газета «Коммерсантъ».

18 кастрычніка адмыслоўцы Лётна-выпрабавальнага інстытуту імя Громава, якія ўдзельнічаюць у расследаванні катастрофы «Як-42» з хакейнаю камандаю яраслаўскі «Лакаматыў» на борце, завяршылі серыю лётных эксперыментаў.

Яны цалкам пацвердзілі версію пра тое, што самалёт і ягоных пасажыраў загубіў адзін з пілотаў, які націснуў на тормаз пры ўзлёце. Калі б ён ухіліўся ад кіравання, самалёт без праблемаў падняўся б у паветра.

Цягам учорашняга эксперыменту ў падмаскоўным Жукоўскім выпрабавальнікі высветлілі, што загінулы пілот кампаніі «Як-Сервис» падчас разгону моцна падняў руль машыны. Зрабіць гэта можна было, толькі ўпіраючыся нагамі ў педалі тармазоў. Дзеля гэтага пілоту давялося прыкласці высілкі на 64 кг. Да штурвалу адмыслоўцы падключылі адмысловы прыбор – дынамометр, які вымярае намаганні рук пілота.

Пасля выпрабавальнікі ажыццявілі яшчэ адзін узлёт. Разагнаўшыся і ўсталяваўшы руль вышыні ў штатнае становішча на 5 градусаў (падчас трагедыі было 13 градусаў), яны проста прыбралі рукі і ногі з прыладаў кіравання машыны, нібыта ўхіліўшыся ад пілатавання, і «Як-42» упэўнена падняўся ў паветра.

Такім чынам, эксперыментальна даказалі версію, што прычынаю падзення «Як-42» з 45 чалавекамі на борце былі не тэхнічныя няспраўнасці і не праблемы з якасцю паліва, а менавіта тармазны момант на колах.

Самалёт «Як-42» разбіўся 7 верасня за кіламетр ад аэрапорту «Туношна» ў Яраслаўскай вобласці, на борце былі гульцы хакейнай каманды «Лакаматыў» (Яраслаўль), якія накіроўваліся на матч у Менск. Сярод загінулых – беларусы Руслан Салей, Сяргей Астапчук і Мікалай Крываносаў.

belsat.eu

Стужка навінаў