«Асліная» кампанія


23 кастрычніка жыхары балгарскага гораду Варна будуць выбіраць мэра. Партыя “Грамадства за новую Балгарыю” выставіла свайго кандыдата – асла Марка.

Кандыдатура жывёлы на выбарах – гэта праява незадаволенасці паноўнаю сітуацыяй у балгарскай палітыцы. “Ідэя – паказаць, што асёл больш чалавечны за палітыкаў, бо палітыкі – гэта не людзі, яны становяцца людзьмі толькі тады, калі губляюць уладу”, – кажа журналіст і партыйны дзеяч Валентын Вэлікаў.

Жыхары Варны нічога супраць такой ідэі не маюць: “Намі неэфектыўна кіравалі цягам дваццаці гадоў. Я лічу, што асёл будзе лепшым кіраўніком”, – спадзяецца жыхарка гораду, Мілка Табакава.

“Цудоўная ідэя, дарэчы. Я лічу, што людзі могуць быць больш упартыя, чым асёл. Таму я б выбрала гэты бюлетэнь”, – кажа Іванка Манолава.

Кандыдат на дарадніка мэрыі, Ангел Дзянкаў, кажа: “Розніца паміж аслом і палітыкамі такая, што асёл не можа красці, хлусіць і спраўна выконвае працу”.

Асёл Марка мае добрыя шанцы вылучыцца з натоўпу. Можа, праз ягоны крык, а можа, праз апетыт на моркву гэты кандыдат не застанецца непрыкметным. Таксама звяртаюць на сябе ўвагу сіла ягонага характару і працавітасць.

Цяперашні мэр Кірыл Ярданаў катэгарычна адмовіўся браць удзел у дэбатах з аслом, бо лічыць гэта ніжэйшым за сваю годнасць.

belsat.eu

Стужка навінаў