Павал Усаў у “Гарачым каментары”


Аляксандр Лукашэнка пастаўлены ў такія ўмовы, што вымушаны падыгрываць Пуціну. Артыкул у газеце “Известия” сведчыць пра тое, што ён траціць ініцыятыву інтэгратара на постсавецкай прасторы. Раней падобныя заявы рабіў менавіта ён. Пра выступ кіраўніка Беларусі ў расейскай прэсе разважае палітолаг Павал Усаў.

Паводле суразмоўцы, глыбокая інтэграцыя будзе спрыяць таму, што Лукашэнка страціць сваю ўладу. Таму насамрэч ён не зацікаўлены ў стварэнні Еўразійскага саюзу. Калі аб’яднанне паўстане, Расея створыць сістэму кіраванага суверэнітэту, упэўнены Усаў. Самастойнасць дзяржаваў у межах такога ўтварэння будзе такой жа, як у Савецкім Саюзе.

Тым не менш, Расея застаецца адзінаю крыніцаю палітычнай легітымнасці Лукашэнкі, а таксама ягоным фінансавым падтрыманнем. Усаў мяркуе, што калі Еўразійскі саюз усё ж такі паўстане, месца прэзідэнта Беларусі ў ім будзе другаснае, а ў найгоршым выпадку для яго ўвогуле не будзе месца.

Кіраўнік Беларусі, паводле эксперта, разумее небяспеку, якую нясе для яго Еўразійскі саюз, але ён страціў магчымасць балансаваць паміж Усходам і Захадам: усе праекты, у якіх удзельнічае Беларусь, звязаныя з Расеяй. Магчымасць удзелу ва “Усходнім партнёрстве” заблакаваная, хоць і гэта не стварала сапраўднай альтэрнатывы расейскаму кірунку.

belsat.eu

Стужка навінаў