Польскае Міністэрства юстыцыі працягвае супрацу з Беларуссю


Беластоцкі суддзя Шчэсны Шыманьскі атрымаў дазвол ад польскага Міністэрства юстыцыі на паездку ў Беларусь з тым, каб заслухаць сведак у справе Андрэя Жукаўца.

Суд над беларускім бізнесоўцам працягваецца ўжо 10-ы год. Галоўная перашкода для працэсу – сведкі, якія не могуць прыехаць у Беласток.

Што праўда, паводле абвінавачанага, ён падаваў хадайніцтвы аб запрашэнні на суд тых сведак, што маюць магчымасць прыехаць у Польшчу. Між іншых, ідзецца пра сустаршыню аргкамітэту стварэння БХД. Аднак суддзя адхіліў просьбы.

Паводле польскага боку, працаўнікі беларускай пракуратуры і суддзя Шчэсны Шыманьскі атрымаюць у Беларусі магчымасць заслухаць паказанні сведак без перашкодаў. У сваю чаргу Андрэй нагадвае, што падчас папярэдняй спробы на сведак аказваўся ціск – ім тэлефанавалі працаўнікі КДБ і запрашалі на асобную размову перад візітам беластоцкага суддзі. Жукавец нават перадаў у суд запісы размовы, аднак суддзя палічыў іх неістотнымі. “І зараз яны зноўку збіраюцца паехаць у Беларусь. Я не ведаю, хто даў дазвол на гэта – ніхто не можа назваць імя гэтага чыноўніка. Упэўнены, што сведкі скажуць менавіта тое, чаго ад іх запатрабуе КДБ”, – распавёў у інтэрв’ю “Белсату” Андрэй Жукавец.

Нагадаем, Андрэя абвінавачваюць у махінацыях падчас атрымання крэдытаў вартасцю 700 тысяч даляраў у двух беларускіх банках. У 2001 годзе яго затрымалі ў Беластоку. Беларускі бок запатрабаваў экстрадыцыі, аднак польскі суд вырашыў, што гэта недапушчальна, выказаўшы сумнеў у правядзенні справядлівага працэсу ў Беларусі.

Калі Жукаўца прызнаюць вінаватым, яму пагражае 10 гадоў зняволення і экстрадыцыя ў Беларусь.

belsat.eu

Стужка навінаў