Калі «начальства – больш, чым начальства»


Тэлеканал «Белсат» звярнуўся да забытага ў Беларусі жанру, грамадска-палітычнага ток-шоу, распачаўшы цыкл дыскусіяў з нагоды прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Запрошаныя эксперты аналізуюць становішча ў разнастайных сферах беларускага жыцця, каб дапамагчы гледачам зрабіць слушны выбар 19 снежня.

Запачаткавала цыкл пад назваю «Перад выбарам» праграма 16 лістапада з развагамі пра тое, як выбудавалася сістэма ўлады ў Беларусі, і наколькі яна эфектыўная. «Ці служыць яна беларусам?» – пра гэта мусілі задумацца гледачы, паводле вядоўцы Аляксея Дзікавіцкага.

Сітуацыю аналізавалі кіраўнік Фонду імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса; журналіст, які піша на тэму карупцыі, рэдактар інтэрнэт-выдання «Ежедневник» Сяргей Сацук; паэт, старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч; палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Напачатку аўтары праграмы нагадалі архіўным сюжэтам, як «мацнела рука» кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з 1994 г. – коштам чаго, з якімі ахвярамі парламенцкая рэспубліка замянялася на аўтарытарна-прэзідэнцкую?

Апошнюю Андрэй Хадановіч ахарактарызаваў як «звышканцэнтрацыю і звышсакралізацыю ўлады, калі начальства становіцца больш, чым начальствам». Паэту «падабаюцца прэзідэнты малых еўрапейскіх дзяржаваў – іх не бачна». Ён працытаваў Бродскага, які казаў, што свабода – гэта калі забываешся на імя па бацьку тырана.

Міраслаў Кобаса адзначыў, што імкненне да ўзмацнення прэзідэнцкай улады – вынік савецкай спадчыны. Такія самыя працэсы адбываліся не толькі ў Беларусі. Зрэшты, паводле Кобасы, выбар беларусаў менавіта ў 1994 г. нельга назваць строга рацыянальным: прэзідэнтам абралі чалавека, якому папросту была блізкая савецкая мадэль улады.

Раман Якаўлеўскі адзначыў, што згодны з думкаю Зянона Пазняка: перамога Лукашэнкі тады, 16 гадоў таму, была спецаперацыяй дзеля пераўтварэння Беларусі ў своеасаблівы палігон. І потым, напрыклад, тая самая «вертыкаль» улады паўстала на беларускі ўзор у Расеі. А ахвяраю «напампоўвання цягліцаў» прэзідэнцкай рукі быў парламент.

Міраслаў Кобаса працытаваў шмат якіх дэпутатаў, якія ў размовах з ім казалі, што «палітыкаю не займаюцца». «Але што тады вы там робіце?» – рытарычна запытаў эксперт «Белсату», назваўшы Палату прадстаўнікоў пастаўленай у сітуацыю, калі яна сталася «машынаю для галасавання».

Пацярпела і самакіраванне. Паводле кіраўніка Фонду імя Льва Сапегі, дзіўнымі выглядаюць аргументы тых, хто кажа, што беларусы не саспелі да абірання тых самых мэраў: «Чаму ж тады ім давяраюць абіраць прэзідэнта?»

Ці стала больш парадку з моцнаю рукою? Як зазначыў Аляксей Дзікавіцкі, у «карупцыйных» рэйтынгах Беларусь займае зусім не пачэснае месца, хаця пра барацьбу з карупцыяй кіраўніцтва краіны кажа ледзь не штодня.

Сяргей Сацук падкрэсліў наяўнасць пазітыўных зрухаў. У другой палове 1990-х гг. крыміналітэт знішчалі фізічна, у першай палове 2000-х гг. дзеялі паводле прынцыпу Жыглова: маўляў, злачынец мусіць сядзець у турме, і не важна, якім чынам яго пасадзяць. А цяпер барацьба з карупцыяй вядзецца больш цывілізавана. Журналіст адзначыў, што зніклі шматлікія кланы, якія былі нават вакол кожнага прадпрыемства: «Застаўся адзін клан – прэзідэнцкая сям’я».

Андрэй Хадановіч, які выкладае французскую літаратуру, згадаў працэс абсалютызацыі ўлады ў Францыі XVII ст., калі шматлікія невялікія кланы змяніў клан аднаго гаспадара. Гэта эканомней для народу, але даводзіцца прызнаць, што мы жывем пры абсалютызме ў рэаліях чатырохсотгадовай даўніны, сумна пажартаваў паэт.

Барацьба з карупцыяй выглядае шмат у чым марнай і з той прычыны, што няма незалежнай судовай сістэмы – у гэтым госці «Белсату» былі салідарныя. Сяргей Сацук прывёў канкрэтныя прыклады з уласнае журналісцкае практыкі, калі справы ў судзе вырашаліся паводле ўказанняў з Адміністрацыі прэзідэнта. Выснова – суддзяў мае абіраць народ.

Вось толькі Раман Якаўлеўскі зазначыў, што гэта не будзе гарантыяй, і згадаў 1937 год, калі ўсё нібыта рабілася паводле закону, і тое, што ў СССР суддзі абіраліся. Такім чынам, рэцэпт зменаў можа быць толькі комплексны…

Першую частку ток-шоу «Перад выбарам» можна паглядзець он-лайн.

Наступныя тры часткі будуць прысвечаныя сацыяльным праблемам Беларусі, замежнай палітыцы і эканоміцы. «Белсат» будзе паказваць «Перад выбарам» што аўторак цягам перадвыбарчага месяца. Трансляцыя а 21.40, пасля галоўнага выдання «Аб’ектыву».

Глядзі таксама
Каментары