Як абараніць падземку ад суіцыдаў?


За апошні месяц у менскім метро адбыліся два няшчасныя выпадкі.

У першым – студэнтка ўпала на рэйкі станцыі “Пушкінская” і загінула. Цяпер высвятляецца, была гэта неасцярожнасць ці наўмысны ўчынак. Другі выпадак атрымалася перадухіліць учора – 24-гадовы хлопец скокнуў на рэйкі станцыі метро “Кастрычніцкая”, але ўважлівыя пасажыры паспелі яго выцягнуць.

У Рэспубліканскім навукова-практычным інстытуце псіхічнага здароўя звяртаюць увагу на тое, што Беларусь – сярод лідараў паводле колькасці суіцыдаў у свеце. “У нас ад суіцыду штогод гінуць больш за 2500 чалавек. Параўнайце – на дарогах у нас за год гінуць прыкладна 1200 чалавек, – кажа прафесар Раман Еўсягнееў. – Дарэчы, у вёсцы ўзровень суіцыдаў значна вышэйшы, чым у гарадах. Напэўна, з-за розніцы ва ўзроўнях жыцця, сацыяльных умоваў”, – растлумачыў эксперт.

Адмыслоўцы звяртаюць увагу на тое, што прафілактыка суіцыдаў не можа абмяжоўвацца адно медычнымі працэдурамі, тут патрэбны комплексы падыход. Сярод прапановаў – зрабіць менскае метро больш бяспечным. Напрыклад, усталяваць абмежавальныя рамкі, якія будуць адкрывацца толькі тады, калі цягнік ужо прыбыў на платформу. Гэта мінімізуе спробы суіцыдаў у метро. У менскім метрапалітэне пра такія ідэі чулі, але пакуль на гэта няма грошай, паведамілі ў службе руху. “За бяспекаю сочаць з дапамогай відэакамераў і папярэджваюць пасажыраў пра небяспеку гукавою рэкламаю”, – падкрэсліваюць працаўнікі метрапалітэну.

Тым часам псіхолагі адзначаюць напружаную абстаноўку ў грамадстве. “З пачатку года ў краіне вельмі неспакойная і нестабільная сітуацыя. Эканамічныя праблемы ціснуць на людзей, таму рэакцыя можа быць непрадказальнаю – ад выяўлення агрэсіі да суіцыдаў”, – кажа псіхолаг Алена Жук.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары