Куды завядзе адзіны курс?


Беларусам паабяцалі, што хутка краіна будзе жыць з адзіным валютным курсам.

Як паведаміў віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас, з 20 кастрычніка гандляванне на біржы будзе ажыццяўляцца на адзінай сесіі. Ён таксама запэўніў, што курс будзе ўсталёўвацца ў залежнасці ад попыту і прапановы. «Тая валятыльнасць, якая ёсць сёння на дадатковай сесіі, кажа пра тое, што ўрад і Нацбанк даюць курсу намацаць раўнаважкае значэнне, пры якім попыт і прапанова будуць роўныя, каб экспарцёрам было цікава прадаваць валюту, а імпарцёрам – купляць. Гэтак жа і насельніцтва: каб валютныя касы банку працавалі на абароце. То бок ні ў якай ступені сёння дзяржава не будзе адміністрацыйна ўмешвацца ва ўтварэнне курсу, усталёўваючы курс на нейкім узроўні», – паведаміў Сяргей Румас.

Эканаміст і прадпрымальнік Леў Марголін мяркуе, што дата 20 кастрычніка абраная не выпадкова – гэта тыдзень аплаты падаткаў. Прадпрыемствы, каб разлічыцца, вымушаныя будуць здаваць валюту, што прывядзе да ўмацавання беларускага рубля. Да таго ж гэтаму паспрыяе і тое, што імпарцёры пачнуць ажыццяўляць абавязковы 30 % продаж валютнай выручкі паводле камерцыйнага курсу.

На меркаванне эксперта, курс усталюецца на ўзроўні 8500–9000 руб. за долар. Але доўга беларускі рубель не пратрымаецца, упэўнены Леў Марголін. Паводле яго, карэннага рэфармавання эканомікі чакаць не выпадае, да таго ж высветлілася, што Беларусь мае вялікія запазычанасці за газ.

Што тычыцца насельніцтва, то яму трэба чакаць павышэння коштаў, папярэджвае Леў Марголін. «Адзіны курс адразу ж адаб’ецца на коштах на лекі, нафтавікі пачнуць набываць газ і бензін па больш высокіх коштах. А дарагі газ – павышэнне [кошту] камунальных паслугаў. Падаражэе паліва – узрастуць абсалютна ўсе гуртовыя і раздробныя кошты», – тлумачыць Леў Марголін.

Эканамічны аналітык Сяргей Чалы гэтыя меркаванні падзяляе, аднак лічыць, што курс на адзінай сесіі будзе ніжэйшы, чымся на дадатковай: «За амерыканскі долар будуць даваць меней за 8000 беларускіх рублёў». Аднак гэта наўрад ці паспрыяе зніжэнню коштаў на айчынныя тавары, зазначае Сяргей Чалы. «Павышэнне ставак тарыфнага разраду ды іншая «раздача сланоў» правакуюць новыя віткі інфляцыі», – зазначае эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў