Пракуратура:Справу супраць Міхалка пакуль не пачалі


Пра гэта заявіў старшыня Генпракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Павал Радыёнаў.

Паводле яго, цяпер пракуратура Менску правярае факты «распаўсюду інфармацыі ў інтерв’ю музыканта».

«Так званыя смелыя і бяскрыўдныя выказванні саліста гурта «Ляпіс Трубяцкой» відавочна выходзяць за межы не толькі нормаў этыкі і маралі, але і права. Міхалок лічыць сябе чалавекам культурным і сучасным. Значыць, ягоная творчая дзейнасць павінна будавацца на тых жа прынцыпах – без абразаў і прыніжэнняў каго б ні было», – заявіў Радыёнаў.

Ён паведаміў, што бліжэйшым часам выказванням Сяргея Міхалка дадуць прававую ацэнку.

Аднак чыноўнік не адказаў на пытанне, ці можа спявак у перыяд правядзення праверкі вярнуцца ў Беларусь, не баючыся быць затрыманым праваахоўнымі органамі.

Як паведамлялася раней, Сяргея Міхалка выклікалі ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску. Позву з патрабаваннем з’явіцца на допыт уручылі маці музыкі. Сам ён цяпер гастралюе па Расеі.

Апошнім часам на беларускіх і расейскіх інтэрнэт-рэсурсах неаднаразова з’яўляліся інтэрв’ю з лідарам гурта “Ляпіс Трубяцкой”, у якіх ён крытыкаваў палітыку беларускага кіраўніцтва і Аляксандра Лукашэнкі ў прыватнасці. Пры гэтым музыка падкрэсліваў: ён ніколі не займаўся палітыкаю, але сітуацыя ў Беларусі прымушае яго быць у апазіцыі да дзейнай улады. «Я паэт, мастак, артыст і блазан, мне падабаецца жыць поўным жыццём у маёй краіне», – заявіў Міхалок у нядаўнім відэаінтэрв’ю на сайце www.1tvnet.ru. Але ў сённяшняй Беларусі немагчыма «дыхаць на поўныя грудзі», дадаў музыка.

Гурт «Ляпіс Трубяцкой» уключаны ў «чорны спіс» музычных калектываў і дзеячаў мастацтва, дзейнасць якіх на тэрыторыі Беларусі фактычна забароненая. Цягам года канцэрты групы ў Беларусі неаднаразова адмяняліся, у той час як за мяжою выступы карыстаюцца вялікім поспехам. Шмат якія беларускія прыхільнікі гурта змушаныя ездзіць у суседнія краіны, каб паслухаць выступы «Ляпіса».

Згодна з графікам, размешчаным на сайце гурта, аж да сакавіка 2012 г. музыкі плануюць гастраляваць па Расеі, Украіне і Латвіі.

belsat.eu

Стужка навінаў