Лобаў: Калі ішоў у «Малады фронт», то ведаў, што магу трапіць у турму


Тым не менш, адмаўляцца ад актыўнай палітычнай дзейнасці палітзняволены не збіраецца.

Пра гэта ён распавёў маці падчас доўгатэрміновага спаткання ў калоніі. «Эдуард выглядае някепска, трохі схуднеў, але здаровы і настрой у яго добры», – расказала па выхадзе з «Ваўчыных нораў» маці вязня Марына Лобава. Паводле жанчыны, кіраўніцтва калоніі з прапановамі напісаць прашэнне аб памілаванні больш не звяртаецца, затое гэтае пытанне вельмі «непакоіць» шараговых крымінальнікаў. Шмат хто з іх пытае, чаму Эдуард не скарыстаецца магчымасцю выйсці на волю, маўляў, напісаў бы прашэнне і не марнаваў часу ў турме.

«Сын тлумачыць ім, што не збіраецца здраджваць сваім перакананням, а шмат хто з іх на волі праводзіць час горш, чым ён у турме», – гаворыць Марына Лобава. І дадае, што Эдуарда падтрымліваюць мясцовыя крымінальныя аўтарытэты і асуджаныя паводле эканамічных артыкулаў: «Яны так і гавораць: правільна, хлопец, робіш, што не каешся ў тым, чаго не здзяйсняў».

Дарэчы, Эдуард у зняволенні чытае шмат кніг па філасофіі, іншую сур’ёзную літаратуру. На прапанову маці пасля вызвалення працягнуць навучанне ў ЕГУ на дзённым аддзяленні Эдуард адказаў, што будзе вучыцца толькі дыстанцыйна, бо не збіраецца спыняць сваю дзейнасць у «Маладым фронце».

Паводле Марыны Лобавай, Эдуарда вельмі непакоіць тое, што цяпер адбываецца са Змітром Дашкевічам. Ён прасіў маці напісаць таму словы падтрымання, бо ліставацца паміж сабой вязням забаронена. Сам Эдуард Лобаў у хуткае вызваленне не верыць. «Ён настроены адбываць свой тэрмін да канца. Не хоча абнадзейваць сябе пустымі спадзяваннямі і прызнаўся, што калі ўвайшоў у «Малады фронт», то разумеў, што яго могуць пасадзіць», – зазначае спадарыня Лобава.

Кіраўнік менскай гарадской арганізацыі «Маладога фронту» Эдуард Лобаў быў прэвентыўна затрыманы разам са Змітром Дашкевічам за дзень да прэзідэнцкіх выбараў. Моладзевых актывістаў звінавацілі ў збіцці выпадковых мінакоў. Суддзя Алена Шалько пакарала Эдуарда Лобава 4 гадамі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Зміцер Дашкевіч атрымаў два гады зняволення.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары