Рэпартаж «Непамілаваны» пра Сяргея Ханжакова он-лайн


Рэпартаж «Непамілаваны» пра Сяргея Ханжакова, невядомага беларускага падпольшчыка які ў 60-я гады з невялікай групай сяброў рыхтаваўся ўзарваць «глушылку» ў цэнтры Менску, якая перашкаджала слухаць «Радыё Свабода» даступны он-лайн у раздзеле «Фільмы, кліпы».

Герой рэпартажу Сяргей Ханжакоў нарадзіўся ў 1942 г. на Калыме, у 21 год быў асуджаны за ўдзел у стварэнні антысавецкай арганізацыі. Пасля яму ўдалося пераехаць з бацькамі ў Менск. З дзяцінства ў яго сфармаваўся антысавецкі светапогляд, праз што ён зноў трапіў за краты. Адным з Сяргеевых учынкаў была спроба разам з сябрами знішчыць «глушылку», каб яна не перашкаджала слухаць «Радыё Свабода». Антысавецкага падпольшчыка здрадзілі і ён зноў трапіў у папраўчы лагер – у Мардовіі. У 1973 г. Ханжакоў вяртаецца ў Менск, але як «палітычны» не мае шанцаў на годнае жыццё.

У рэпартажы шпацыруючы па сталіцы, Сяргей расказвае, якія змены адбыліся за апошнія пяцьдзясят гадоў, паказваючы архіўныя фатаграфіі ды відэазапісы. Але шмат што і дагэтуль засталося непарушным. У будынку суда, дзе яго калісьці асудзілі, цяпер месціцца Вярхоўны Суд РБ. Сяргей прыходзіць туды на чарговы працэс супраць ворагаў новага рэжыму – ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі. Сам Сяргей Ханжакоў да гэтага часу не рэабілітаваны, але ён ніколі і не дамагаўся, каб дзяржава яго памілавала.

рэж. Вольга Дашук, 2011 г., Беларусь.

Стужка навінаў