Зомбі ў Таліне


Сотні людзей з акрываўленымі тварамі і жудаснымі ранамі – гэта не чарговы тэракт. Гэта ўжо трэцяе Шэсце зомбі ў эстонскай сталіцы.

Марш нячысцікаў традыцыйна прымеркаваны да Гэлоўіну. Сёлета імпрэзу правялі раней – адначасова з пачаткам з другога сезону тэлесерыялу «The Walking Dead».

«Гэта добрая нагода адпачыць, апрануцца ў касцюм, правесці вечар з сям’ёю. Весела і цікава, нам вельмі падабаецца», – кажа адна з удзельніц, Марына Карасёва. Жанчына прыйшла на шэсце са сваім сынам.

Для ўдзельнікаў шэсця абавязковым быў спецыяльны код паводзінаў – камунікацыя з іншымі зомбі ды людзьмі на вуліцы мусіла быць абмежаванаю: адзінае слова, якое дазвалялася казаць, – «Brains!».

Шэсце скончылася раней, чым планавалася: зомбі прыйшлося сутыкнуцца з нечаканым ворагам – «жаўнерамі», якія спрабавалі спыніць «нябожчыкаў».

«Спачатку зомбі былі вельмі павольныя. Потым выйшаў фільм «28 дзён пасля», зомбі зрабіліся хуткімі. Мы арыентуемся на гэты фільм. Аднак тыя зомбі не былі такія хуткія, як тыя, што мы бачым сёння. Сёння, магчыма, вельмі холадна, і зомбі спяшаліся», – кажа арганізатар шэсця Аляксандр Растоў.

belsat.eu

Стужка навінаў