Выйшла кніга пра зніклых


Сёння ў Менску прэзентуюць кнігу “Мы помнім!”. Выданне прысвячаецца беларускім палітыкам і журналісту, якія зніклі ды загінулі ў нявысветленых да гэтага часу акалічнасцях. Твор на замову «Свабоднага тэатру» і грамадскай ініцыятывы «Мы памятаем» напісаў пісьменнік і сцэнарыст Уладзімер Халіп.

Як распавёў “Белсату” Уладзімір Халіп, у кнізе сабраныя ўспаміны, маналогі-споведзі сваякоў, блізкіх і сяброў Юрыя Захаранкі, Генадзя Карпенкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага. “Мы не імкнуліся рабіць з кнігі дэтэктыву, шукаць сенсацыі ці займацца выкрыццём. Усе доказы ў справах зніклых даўно сабраныя і чакаюць судовага працэсу. Мэта кнігі – прабіць сцяну маўчання і абыякавасці ў беларускім грамадстве, нагадаць беларусам, што зніклі лепшыя людзі, цвет нацыі, і ў нашых сілах запатрабаваць судовага расследавання гэтых справаў”, – зазначыў аўтар.

“Канечне, хочацца ведаць, што здарылася з Дзімам. Але ні следства, ні пракуратура, ні суд не далі адказу, што здарылася і дзе Дзіма. На жаль, усе нашы намаганні, і журналістаў, і юрыстаў, і праваабаронцаў, не далі плёну”, – гаворыць маці зніклага тэлеаператара Змітра Завадскага.

Спадарыня Вольга кажа, што ўсе гэтыя дзесяць гадоў ад знікнення сына ёй дапамагае трымацца тое, што на Змітра Завадскага не забыліся.

Кніга “Мы помнім” змяшчае тэксты на беларускай, расейскай і ангельскай мовах.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары