Беларусаў найбольш не задавальняюць карупцыя і сваволя чыноўнікаў


Паводле сацыялагічнага даследавання, 73 % апытаных не задаволеныя менавіта гэтым. Прэтэнзіі ёсць таксама да судоў і міліцыі.

Даследаванне праводзіў сацыялагічны цэнтр “Зеркало-Инфо”, удзельнічалі ў ім 1500 чалавек. Падчас апытання людзі выказвалі нараканні таксама і адносна працы судоў – 68 % рэцэнзентаў заявілі, што “немагчыма дабіцца праўды”, яшчэ 66 % адзначаюць “жорсткасць міліцыянтаў”. Цікава, што на гэта больш за ўсё звяртаюць увагу людзі з вышэйшаю юрыдычнаю адукацыяй.

“Але найвастрэй стаіць у грамадстве праблема хабараў – асабліва гэта заўважаюць прадпрымальнікі, працаўнікі сферы абслугоўвання. Найчасцей на карупцыю наракаюць у Гомельскай і Віцебскай абласцях”, – заяўляюць у сацыялагічным цэнтры.

Бадай упершыню беларусы выказваюць занепакоенасць (каля 39 % апытаных) з’яўленнем у краіне алігархаў і рэзкім падзелам насельніцтва на багатых і бедных. Дагэтуль, як вядома, вялікага адрознення паміж заробкамі ў Беларусі не было.

Актывіст грамадскай кампаніі “Наш дом” Мікалай Петрушэнка заўважае, што ў крызісны для эканомікі час грамадзяне спадзяваліся, што чыноўніцкі апарат скароцяць. “Менавіта такім шляхам ідуць у шмат якіх краінах свету, каб зэканоміць бюджэтныя сродкі. У Беларусі, як вядома, чыноўнікаў не скарачалі. Гэта разбэшчвае іх. Толькі ў нашым Талачынскім раёне за год адбываецца 35 буйных карупцыйных злачынстваў. У краіне ж карупцыя павялічылася за апошні год у паўтара разу, але большасць вінаватых засталіся не пакараныя”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары