Праваслаўныя просяць Міхалкова аднавіць храм


Калі актор выконваў ролю танкіста ў фільме “Перекличка”, ён удзельнічаў у разбурэнні алтарнай сцяны.

У 1965 г. у вёсцы Зэмбін, што ў Барысаўскім раёне, здымалі ваенны фільм. Адмысловых дэкарацыяў асабліва не стваралі – выкарыстоўвалі мясцовы храм Святога Архангела Міхаіла. Паводле ідэі рэжысёра, савецкія вайскоўцы мелі зламаць абарону храму, дзе заселі немцы. Малады актор Мікіта Міхалкоў, які выконваў ролю танкіста, накіраваў танк да царквы. Сцяна засталася спачатку цэлая, але сцэнар патрабаваў яе знішчыць, таму ўжо за кадрам выкарысталі дынаміт. На такую ахвяру пайшлі дзеля адной сцэны кінафільму.

Мясцовы святар кажа, што таўшчыня сцяны – каля метра. На пачатку ХХ ст. цэглу для будынку рабілі ўручную ў суседняй вёсцы. Пасля таго, як алтарную сцяну падарвалі дынамітам, танк эфектна заехаў усярэдзіну.

Цяпер царкву аднаўляюць за сродкі прыхаджанаў. Праца ідзе досыць марудна, хоць грошы даюць і спонсары – футбольны клуб БАТЭ, напрыклад. На аднаўленне храму трэба каля $ 1 млн. За савецкі ды постсавецкі час тут пабывала шмат вандалаў: сцены абшарпаныя, даху наагул няма. Таму службу пакуль праводзяць у невялікім доме побач з царквою.

“Летась мы адправілі ліст з подпісам мітрапаліта Філарэта Мікіту Міхалкову. Мы папрасілі яго дапамагчы фінансава з аднаўленнем храму, бо гэта досыць дарагі праект – патрэбна каля мільёна долараў, але пакуль ніякага адказу няма”, – кажа айцец Андрэй.

Паводле начальніка Кіраўніцтва аховы гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага, пра сітуацыю з царквою ў Зэмбіне чыноўнікі ведаюць. “Але рэспубліканскі бюджэт абмежаваны і не дазваляе аднавіць усіх тых помнікаў, якія гэтага патрабуюць. Мы заснавалі латарэю “Скарбніца”, сродкі ад якой накіроўваюцца акурат на рэстаўрацыю і аднаўленне спадчыны. Часам дапамога прыходзіць ад беларускіх артыстаў і знакамітых асобаў”, – заявіў чыноўнік.

belsat.eu

Стужка навінаў