Крыс Джарвіс упэўнены ў платаздольнасці Беларусі


Пра гэта кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі заявіў падчас брыфінгу ў Менску. Місія МВФ дзеля ацэнкі эканамічнай палітыкі працавала ў Беларусі з 5 да 17 кастрычніка. “Цяпер мы чакаем, каб урад і Нацыянальны банк распачалі пэўныя дзеянні. Мы зацікаўленыя ў дзеяннях у шэрагу кірункаў эканамічнай палітыкі, – адзначыў Джарвіс. – Магу сказаць, што ўрад і Нацбанк іх пачалі рабіць. Напрыклад, заява пра выхад на адзіны курс – гэта крок наперад”.

Акрамя таго, паводле Джарвіса, эксперты Міжнароднага валютнага фонду таксама хацелі б пабачыць, якую грашова-крэдытную палітыку ўрад і Нацбанк прапануюць на наступны год і ці падтрымае гэтыя рэкамендацыі прэзідэнт Беларусі.

“Мы пакуль што не падышлі да этапу, на якім абмяркоўвалася б сума крэдыту, – падкрэсліў Джарвіс. – Тыя сумы, якія раней называліся (ад $ 3 да 7 млрд), – гэта была ацэнка ўраду”, – дадаў ён.

Кіраўнік місіі таксама адзначыў, што МВФ не выстаўляе ніякіх палітычных умоваў. “Перш як прапаноўваць праграму, мы мусім пераканацца, што выканаўчыя дырэктары падтрымаюць яе, а выканаўчыя дырэктары прэзентуюць краіны-чальцоў фонду, якіх каля ста васьмідзесяці. Аднак падчас перамоваў мы займаемся выключна эканамічнымі пытаннямі”, – падкрэсліў Джарвіс.

Паводле яго, МВФ не робіць прагнозаў адносна абменнага курсу. “Нас занепакоіла дэвальвацыя апошняга часу, што было звязана з высокаю інфляцыяй. Неабходна вырашаць праблему інфляцыі, якая спараджае дэвальвацыйныя чаканні”, – сказаў Джарвіс.

У Міжнародным валютным фондзе мяркуюць, што ва ўраду і Нацбанку ёсць прылады для кантролю дэвальвацыі ды інфляцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў