Мусульмане адзначаюць адно з самых вялікіх святаў – Курбан-байрам


Інакш яго называюць Ід аль-Адха, або Святам ахвяравання.

Курбан-байрам сімвалізуе міласэрнасць і веліч Бога, сведчыць пра тое, што вера – найлепшая ахвяра. Адзначаюць яго ў памяць пра тое, як прарок Ібрагім быў вымушаны прынесці ў ахвяру свайго першынца Ісмаіла. Такі загад Алаха перадаў яму Арханёл Джабраіл, які прыйшоў да яго ў сне. Насамрэч аказалася, што гэта было толькі выпрабаванне веры, і ў апошні момант Алах загадаў Ібрагіму ахвяраваць замест сына ягнё.

Свята з’яўляецца кульмінацыяй хаджу – сімвалічнага паломніцтва ў Мекку, якое з’яўляецца адным з Пяці стаўпоў ісламу і штогод прыводзіць у Саудаўскую Аравію мільёны вернікаў. Напярэдадні яны ўзыходзяць на гару Арафат, а ў дзень ахвяравання збіраюць камяні ды кідаюць у калону, якая сімвалізуе шатана.

Сёння пілігрымы абкружылі Каабу – мусульманскую святыню ў выглядзе кубічнай пабудовы ва ўнутраным двары Забароненай Мячэці ў Меццы. У гэты дзень вернікі па ўсім свеце забіваюць барана або буйную рагатую жывёлу. У памяць пра ахвяру Ібрагіма яны дзеляць мяса паміж беднымі ды сваякамі.

У Джакарце каля 3 тыс. вернікаў сабраліся ля мячэці Аль-Азхар дзеля сімвалічнай малітвы. Святар заклікаў усіх мусульманаў зрабіць высновы з апошніх катастрофаў: разбуральнага цунамі ды смертаноснага вывяржэння вулкану Мэрапі, якія нанеслі ўдар па нацыі. Святкаванні адбываюцца ў Афганістане, Егіпце, Палестынскай Аўтаноміі.

belsat.eu
https://youtu.be/-MoganLFSdo

Глядзі таксама
Каментары