Па ўсім свеце праходзяць акцыі супраць карпарацыяў


Дэманстранты, якія пратэстуюць супраць дзейнасці буйных карпарацыяў і скарачэнняў сацыяльных выдаткаў, выйшлі на вуліцы гарадоў шмат у якіх краінаў свету.

У Лондане на дэманстрацыю, якая праходзіць у фінансавым раёне гораду, прыйшлі, паводле розных ацэнак, ад адной да пяці тысячаў чалавек. Большасць удзельнікаў размясціліся ля касцёлу святога Паўла. Разбіць намётавае мястэчка насупраць будынку лонданскай біржы дэманстрантам забараніла паліцыя. Перад прысутнымі ўжо выступіў заснавальнік “Wikileaks” Джульян Асанж (Julian Assange).

Арганізатары акцыяў пратэсту маюць намер правесці іх у 951 горадзе 82 дзяржаваў: у Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыках, Афрыцы і Еўропе. Нядаўна да краінаў-пратэстоўцаў далучылася Канада. Падтрымаць рух “Захоп Ўол-Стрыту” выйшлі жыхары пятнаццаці гарадоў.

Самая буйная дэманстрацыя адбылася ў Рыме, дзе падпалілі некалькі аўтамабіляў, а невядомыя ў масках спрабавалі разграміць аддзяленне банку. Дэманстранты запаланілі вуліцы вакол Калізею.

Кіраўнік Цэнтральнага банку Італіі Мар’ё Драгі (Mario Draghi), які ў лістападзе ўзначаліць еўрапейскі Цэнтральны банк, выступіў дзеля падтрымання дэманстрантаў. Італьянская прэса паведамляе, што на саміце міністраў фінансаў “вялікай дваццаткі” ў Парыжы ён сказаў, што разумее абурэнне моладзі.

У Франкфурце, перад штаб-кватэрай Еўрапейскага банку, сабраліся некалькі соцень чалавек.

Маршы з удзелам сотняў людзей ужо адбыліся ў Аўстраліі ды Новай Зеландыі. Акрамя таго, акцыі прайшлі ў Паўднёвай Карэі, Гон-Конгу, на Філіпінах і Тайвані.

belsat.eu

Стужка навінаў