Аквапарк-мільярдэр


Пабудаваныя ў гарадах спартовыя комплексы не карыстаюцца попытам у насельніцтва, адсюль – вялікія запазычанасці ў камунальных паслугах і ў выплаце крэдытаў.

Аквапарк у Кобрыні пабудавалі два гады таму да “Дажынак”. Праўда, свята прайшло, а наведнікаў пачалі запускаць толькі праз два месяцы – будаўнікі не паспелі зрабіць усё як след да прыезду прэзідэнта. Пасля двухгадовай працы прадпрыемства не выйшла на самаакупляльнасць, запазычанасць складае каля 1 млрд руб. “Пакуль нам не дазваляюць павышаць кошты на квіткі, таму і выходзіць, што за камунальныя паслугі мы плацім больш, чым зарабляем”, – кажа дырэктар Вадзім Каханоўскі. За год аквапарк зарабіў 27 млн руб. І хоць квіткі сапраўды каштуюць нядорага – ад 4 да 16 тыс. руб., мясцовыя жыхары не актыўна наведваюць комплекс. Апроч аквапарку, у Кобрыні асобна пабудавалі лядовы палац. Зараз абодва праекты крытыкуюць нават мясцовыя ўлады: акупляльнасці не мае ні першы, ні другі. У Пружанах і Маладзечне да будаўніцтва падышлі больш рацыянальна: аб’ядналі лядовую арэну, басейны і спартовыя залы ў адзін комплекс.

У Міністэрстве фінансаў паведамляюць, што ўсяго з дзяржаўнага бюджэту вылучылі 330 млрд руб. на будаўніцтва Лядовага палацу, аквапарку, вяслярнага каналу ды іншых спартовых аб’ектаў. Да таго ж, у 2009 годзе кобрынскі бюджэт дадаткова атрымаў бязвыплатныя датацыі на суму 92,9 млрд руб. Каля 40 млрд руб. выдаткавалі на пагашэнне крэдытаў, якія маюць арганізацыі УКС і ЖКГ у сувязі з рамонтнымі працамі да “Дажынак”.

Ужо праз некалькі месяцаў пасля «Дажынак» дзяржаўная газета “Кобрынскі веснік” праінфармавала чытачоў аб недахопах, што выявіліся на новабудоўлях: у Лядовым палацы з’явіліся падцёкі на столі ды сценах, у аквапарку па корпусе даху пайшла іржа, выяўленыя расколіны на сценах, назіраецца адслаенне вітражнага шкла. Крытычныя настроі падмацавалі вынікі праверкі Камітэта дзяржкантролю Берасцейскай вобласці. Яго старшыня Уладзімір Абрамчук паведаміў, што “толькі інспекцыя дзяржбуднагляду са студзеня 2009 да лютага 2010 года выявіла 1860 дэфектаў і парушэнняў, выдала больш за 200 прадпісанняў, правяла 83 адміністрацыйныя працэсы. А сума выстаўленых дзяржбуднагляду штрафных санкцыяў дасягнула 28,9 мільёна рублёў”.

Ці зрабілі высновы мясцовыя ўлады іншых гарадоў, дзе праходзілі “Дажынкі” пасля? Наўрад ці: асноўныя грошы працягваюць вылучаць на будаўніцтва спартовых аб’ектаў.

belsat.eu

Стужка навінаў