Міліцыя пераключылася на лялькі


Міліцыянты затрымалі ў Менску лялькі, што меліся стаць падарункамі жонкам і маці палітзняволеных.

Інцыдэнт адбыўся 14 кастрычніка, у гэты дзень у краіне адзначаецца Дзень маці. “Лялькі зрабілі дзяўчаты з гарадзенскага “Маладога фронту”. У славянскай традыцыі гэта сімвал хуткай добрай весткі. Іх звычайна жанчыны вешалі пры ўваходзе ў хату, калі іхнія мужчыны выпраўляліся на вайну. Мы хацелі падараваць іх сваякам палітзняволеных, як напамін, што хутка іхныя мужчыны вернуцца”, – распавяла “Белсату” намесніца старшыні зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронту” Наста Палажанка.

Аднак лялькі да адрасатаў не трапілі. На Усходнім вакзале Менску маладафронтаўца Змітра Крамянецкага, які вёз іх з Горадні, затрымалі міліцыянты. Хлопца амаль тры гадзіны трымалі ў Ленінскім РАУСе і вызвалілі без складання пратаколу. Лялькі ж засталіся ў пастарунку нібыта для даследавання.

“Што яны сабраліся даследаваць – не зразумела. Мы тут ужо жартуем, мо восем лялек разам – гэта несанкцыянаваная акцыя? Або праз крызіс у краіне Колю не хапае цацак? Але нам не шкада, няхай гуляецца, а мы яшчэ зробім”, – гаворыць Наста Палажанка.

Дзяўчына дадае, што маці і жонак палітвязняў яны ўсё ж учора павіншавалі, няхай пакуль толькі кветкамі ды тартамі.

belsat.eu

Стужка навінаў