Менгарвыканкам пагражае гендырэктарам будаўнічых фірмаў турмою, а дольнікам – вялікімі штрафамі


Выявілася, што атрымаць грошы паводле крэдытных дамоваў будзе складана нават тым грамадзянам, чые дамы здаюцца сёлета.

На сустрэчы з дольнікамі аднаго з менскіх дамоў першы намеснік старшыні кіраўніцтва камітэту будаўніцтва і інвестыцыяў Менгарвыканкаму Мікалай Бутрым заявіў, што генеральныя дырэктары кампаніяў, якія абяцаюць здаць дамы ў 2011 годзе, мусяць падаць гарантыйны ліст у мэрыю. Калі ж здачу аб’екту пратэрмінуюць, улады абяцаюць ініцыяваць крымінальную справу супраць генеральных дырэктараў па факце вымагальніцтва крэдытаў. Паводле заканадаўства, за гэтае злачынства прадугледжваецца турэмнае пакаранне ад 3 да 5 гадоў. “Але “разабрацца” абяцаюць не толькі з забудоўнікам, але і з намі, грамадзянамі, якія змагаюцца за свае правы, – кажа Алена С., якая была на прыёме ў чыноўніка. – Калі дом не здадуць своечасова, з нас возьмуць аплату крэдыту пад падвойную стаўку рэфінансавання – цяпер гэта 70 %. Улады будуць даказваць, што мы вінаватыя ў нямэтавым выдаткоўванні крэдыту”.

Такім чынам, чыноўнікі робяць усё магчымае, каб дольнікі адмовіліся ад крэдытаў і не патрабавалі ў “Беларусбанку” плаціць грошы паводле заключанай дамовы. “Белсат” звярнуўся па каментар да юрыста. “Захады Менгарвыканкаму цалкам незаконныя, – кажа Святлана Шлома. – Па-першае, што за гарантыйны ліст ад гендырэктара? Няма ніякага закону, які абавязвае гэта рабіць. І дадзены дакумент не мае юрыдычнай сілы, каб яго пасля выкарыстоўваць у судзе ў якасці доказу. Што да штрафаў, якімі пагражаюць дольнікам. Грошы па крэдытах ідуць на будаўніцтва. Тое самае прапісанае ў дамове. Нямэтавае выкарыстанне – гэта калі замест будаўніцтва грошы пайшлі б на закуп мэблі, напрыклад. Заявы чыноўнікаў беспадстаўныя і разлічаныя запалохаць тых, хто дрэннае валодае сітуацыяй, але спрабуе абараніць свае правы”.

Дарэчы, у прыватных размовах чыноўнікі распавялі дольнікам пра тое, што ільготнае крэдытаванне можа быць адноўленае, але пад катэгорыю ільготнікаў будуць трапляць толькі інваліды, шматдзетныя сем’і, а таксама вайскоўцы ды працаўнікі сілавых структураў.

belsat.eu

Стужка навінаў