Беларусь эканамічна неадэкватная


Да такой высновы прыйшла дыскусійна-аналітычная супольнасць “Ліберальны клуб”. Паводле праведзенага цэнтрам аналітычных ініцыятываў даследавання, індэкс эканамічнай адэкватнасці Беларусі складае 7,15 бала з 155 магчымых, або 4,6 %.

Мэтаю даследавання было вывучэнне эканамічных ідэяў і праграмаў, прапанаваных рознымі беларускімі палітычнымі суб’ектамі, і вызначэнне іх адэкватнасці эканамічнай сітуацыі ў краіне. У межах даследавання ажыццяўляўся кантэнт-аналіз афіцыйных дакументаў і заяваў інстытутаў дзяржаўнай улады ды іншых палітычных суб’ектаў у перыяд з 1 студзеня да 1 кастрычніка 2011 года.

Паводле аўтараў даследавання, індэкс адлюстраваў эканамічную адэкватнасць не толькі самой краіны, але і асобных палітычных сілаў. Гэтак, лідарамі індэкса ў ступені адэкватнасці сталі інстытуты дзяржаўнай улады і Аб’яднаная грамадзянская партыя. “Сам факт таго, што дзяржаўныя інстытуты, якія вінаватыя ў тым, што мы сёння маем у эканоміцы, займаюць першае месца ў нашым рэйтынгу, кажа пра тое, што ў краіне нешта відавочна не так. Гэта вельмі сумна”, – адзначыў адзін з аўтараў даследавання Яўген Прэйгерман.

“Ліберальны клуб” пазіцыянуе сябе як адкрытую дыскусійна-аналітычную пляцоўку для прадстаўнікоў розных гледзішчаў у самым шырокім коле грамадска значных пытанняў. Мэты “Ліберальнага клубу” – вывучэнне і распаўсюд ліберальнай парадыгмы грамадскага развіцця ў кантэксце беларускіх сацыяльна-палітычных і эканамічных рэаліяў, інтэлектуальнае развіццё і самарэалізацыя яго ўдзельнікаў, укараненне традыцыяў цывілізаванай прадметнай дыскусіі і зніжэнне праявы ўсіх формаў радыкалізму ў грамадстве.

belsat.eu

Стужка навінаў