Мядзведзеў: Лукашэнка хутка прыедзе


Пра візіт кіраўніка Беларусі прэзідэнт Расеі паведаміў на сустрэчы з працаўнікамі сельскай гаспадаркі ў Маскве.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы, півавар, паскардзіўся прэзідэнту на тое, што беларускія вытворцы піва – у больш выгадным становішчы, бо плацяць меншы падатак. “З літра акцыз беларусы плацяць 2 рублі, а мы – 10 рублёў. Атрымліваюцца каэфіцыенты такія, што яны свабодна заходзяць на расейскі рынак”, – сказаў броварнік.

“Неўзабаве прыедзе прэзідэнт Беларусі, пагаворым і пра гэта”, – паабяцаў Мядзведзеў.
“Дзякуй. Можна на вас спаслацца?” – запытаўся бізнесовец.
“Спашліцеся, калі будзеце з беларусамі размаўляць. Сапраўды, Лукашэнка хутка прыедзе”, – сказаў Мядзведзеў.

14 кастрычніка Мядзведзеў і Лукашэнка абмеркавалі пытанні “інтэграцыйнага ўзаемадзеяння на еўразійскай прасторы”, паведаміла прэсавая служба Крамля. “Прэзідэнты абмеркавалі практычныя пытанні інтэграцыйнага ўзаемадзеяння на еўразійскай прасторы ў святле паседжання найвышэйшага органу Мытнага саюзу на роўні кіраўнікоў урадаў, што мае адбыцца 19 кастрычніка ў Санкт-Пецярбурзе, і наступных самітаў Мытнага саюзу і ЕўрАзЭС у снежні ў Маскве”, – паінфармавала крыніца.

Удзельнікі паседжання найвышэйшага органу Мытнага саюзу ў Санкт-Пецярбурзе: разгледзяць праект дэкларацыі аб фармаванні Еўразійскага эканамічнага саюзу, абмяркуюць хаду ўзгаднення праекту дамовы аб Камісіі Мытнага саюзу; праслухаюць інфармацыю пра набыццё моцы міжнароднымі дамовамі, што складаюць юрыдычную аснову адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстану і Расеі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары