МВФ: Падвышэнне заробкаў пагражае беларускай эканоміцы


Міжнародны валютны фонд станоўча ацэньвае эканамічную палітыку, якую сёння праводзіць урад Беларусі, але ўказвае на сур’ёзныя чыннікі, якія могуць негатыўна паўплываць на эканоміку краіны. Аб гэтым сёння ў Менску заявіў кіраўнік місіі МВФ Крыстафэр Джарвіс па выніках двухтыднёвага візіту ў Беларусь.

Паводле Крыстафэра Джарвіса, МВФ “натхняе ініцыятыва ўраду прыняць папраўкі да Закону аб прыватызацыі ды Указ аб Нацыянальным агенцтве інвестыцыяў і прыватызацыі”. Таксама МВФ ухваляе планы Міністэрства эканомікі ў справе далейшай лібералізацыі заканадаўства, што тычыцца малога і сярэдняга бізнесу.

Разам з тым, падкрэсліў Джарвіс, макраэканамічная палітыка, якую сёння праводзіць Беларусь, мусіць быць больш жорсткаю. “Значнае павялічэнне заробкаў бюджэтнікам і пашырэнне дзяржаўных праграмаў крэдытавання павышаюць і без таго высокі дэфіцыт рахунку бягучых аперацыяў”, – адзначыў Крыстафэр Джарвіс.
На думку прадстаўніка МВФ, скарачэнне гэтага дэфіцыту ўлады краіны мусяйць разглядаць як прыярытэт.

Крыстафэр Джарвіс таксама паведаміў, што ўрад Беларусі не звяртаўся ў МВФ па новыя крэдыты, хаця ў фондзе гатовыя разгледзіць такія рашэнні. “Беларусь – плацежаздольная краіна з нізкім узроўнем вонкавага доўгу, таму цалкам апраўдана, што яна імкнецца атрымаць пазыкі на вонкавых рынках”, – лічыць Крыстафэр Джарвіс.

belsat.eu

Стужка навінаў