“След матылька” ў Менску


Прэзентацыя кнігі з такою назвай адбылася 13 кастрычніка ў сталічнай кніжнай краме “ЛогвінаЎ”.

Твор выйшаў у серыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе”.

“След матылька. Освальд у Менску” – фрагмент з жыцця грамадзяніна Амерыкі Лі Гарві Освальда, імя якога стала сусветна вядомым у 1963 годзе, калі амерыканцу выставілі абвінавачанне ў забойстве 35-га прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі. У кнізе дырэктара Беларускай службы “Радыё Свабода” Аляксандра Лукашука апісваецца перыяд з 1960 да 1962 год, калі Освальд жыў у Менску.

Гісторыі Освальда прысвечаныя больш за 4 мільёны дакументаў. Гэта адна з найбуйнейшых крымінальных справаў у гісторыі. Аднак кніга Аляксандра Лукашука не пра тое. “Мая кніга – аб часе, аб Менску… Аб тым, як месца і досвед, які чалавек атрымлівае ў гэтым месцы, можа паўплываць на ягоныя дзеянні, учынкі ды паводзіны. Пра сувязь гэтых рэчаў і напісаная кніга. Ну, і пра карму Менску”, – кажа аўтар.

Паводле спадара Лукашука, менскі дзённік Освальда трапіў да яго ў рукі ў 1989 годзе. Лукашук тады пераклаў яго і выдаў у Менску накладам 400 тысяч асобнікаў. “Журналістыка мяне ў гэтай справе мала цікавіла. Мяне цікавіла тайна мінулага, роля чалавека, месца і часу… Уся гэтая сімфонія, якая гучыць у мінулым. Пачуць яе, пабачыць, здагадацца і паспрабаваць вярнуць у кнігу – вось такая паэтычная задача стаяла”, – прызнаецца аўтар.

belsat.eu

Стужка навінаў