Аляксандр Сінкевіч у “Гарачым каментары”


Калі грошай не стае, іх можна надрукаваць – відавочна такою логікаю кіруецца Нацбанк. Паводле інфармацыі галоўнай фінансавай установы краіны, грашовая маса павялічылася за апошні месяц на 9 %. Стаўка рэфінансавання вырасла на 35 %, курс валюты ўлады утрымліваюць на ланцугу, засцерагаючыся ад гвалтоўнага падзення рубля. Кіраўніцтва краіны ўсцяж падкрэслівае адсутнасць крызісу.

Паводле эканаміста, такія захады толькі падштурхнуць інфляцыю, якая на цяперашні момант ужо дасягнула 80 %. “Яна яшчэ не выбухнула ў належнай ступені, але будзем чакаць менавіта такога сцэнара. Безумоўна, інфляцыя да канца году наблізіцца да 100 %”, – упэўнены спадар Сінкевіч.

Прычыны імклівай інфляцыі відавочныя: найбольш грошай друкуецца, каб падтрымаць шматлікія стратныя прадпрыемствы. Друкарскы станок – адзіная на сёння крыніца атрымання грашовай масы.

“Нацбанк балансуе паміж спыненнем эканомікі ды маштабным збядненнем насельніцтва, што ўжо адбываецца. Насамрэч, мы ўсё гэта ўжо бачылі ў 90-я гады: няспынная інфляцыя, друкаванне грошай, шалёная стаўка рэфінансавання. У гэты час спадар Мясніковіч ужо быў у Адміністрацыі прэзідэнта, і мы бачым, што выкарыстоўваюцца тыя самыя інструменты”, – кажа эканаміст.

У такой сітуацыі можна толькі іранізаваць з нядаўняй заявы Лукашэнкі аб дасягненні сярэдняй зарплаты 1000 долараў да канца пяцігодкі. У беларускай эканомікі няма і не прадбачыцца рэсурсаў на падтрыманне гэткага ўзроўню заробкаў.

belsat.eu

Стужка навінаў