Валянцін Стэфановіч: Суды праігнаравалі дыскрымінацыйны падыход


Праваабаронцы зафіксавалі 68 выпадкаў абскарджання рашэнняў аб неўключэнні ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі. 65 з іх разгледзілі беларускія суды, аднак ніводная з іх не задаволеная.

“Суды пры разглядзе справаў абмяжоўваліся выключна вывучэннем працэсуальнага боку пытання, – кажа юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч. – Яны праігнаравалі відавочна дыскрымінацыйны падыход да фармавання выбарчых камісіяў. Гэта сведчыць, што сама норма, якая прадугледжвае абскарджанне рашэнняў органаў, што фармуюць камісіі, абсалютна пустая і не працуе”.

У беларускім выбарчым заканадаўстве не прапісаныя дакладныя крытэры для тых, хто можа працаваць у выбарчых камісіях. “Ну а калі няма крытэраў, то і няма на што скардзіцца”, – падсумаваў у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат” Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, у склад участковых камісіяў па выбарах прэзідэнта Беларусі ўключылі 183 прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партыяў. Гэта менш за адзін адсотак ад агульнай колькасці чальцоў камісіяў.

belsat.eu

Стужка навінаў